02.04.2013

Уплыў Расійскай імперыі на светапогляд і мысленне жыхароў былога СССР

Першапачаткова я рыхтаваў гэты артыкул, як навукова-даследчы, але так атрымалася, што ў зборнік Белдзяржуніверсітэта ён не патрапіў. Яго з некаторымі нязначнымі змяненнямі апублікаваў сайт "Гістарычная праўда" (пад назвай "Ярмо мінулага"). У гэтым блозе я публікую пачатковы варыянт, бо ў зносках таксама былі цікавыя факты

Уплыў светапогляду жыхароў Расійскай імперыі на менталітэт насельніцтва постсавецкай прасторы.
Калі ідзе гаворка пра мысленне і светапогляд жыхароў былых савецкіх рэспублік, то звычайна ўзгадваецца адбітак савецкага мінулага і пакідаецца без увагі факт, што да ўзнікнення СССР усе гэтыя тэрыторыі, акрамя Тувы, уваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Але многае з светапогляду, каштоўнасцяў і іншых складнікаў менталітэту савецкага чалавека каранілася ў рэчаіснасці дарэвалюцыйнай Расіі. Таму актуальнай праблемай сучаснай гістарычнай навукі з'яўляецца аб'ектыўны аналіз гэтай ментальнай «спадчыны».
Гэта, ў сваю чаргу падобна на тое як чалавек імкнецца спазнаць самога сябе, каб ведаць свае адметныя рысы характару, сваю сілу, свае слабасці; ведаць што ў яго характары надае яму перавагу над іншымі людзьмі і як можна скарыстацца гэтай перавагай найлепшым чынам; ведаць свае недахопы, каб зразумець шляхі іх перадолення. Падобным чынам буйныя камерцыйныя кампаніі ажыццяўляюць СВОТ-аналіз, каб разумець, якая рынкавая стратэгія іх можа прывесці да краху, а якая да поспеху.
Таксама аналіз станоўчых і адмоўных рыс менталітэту народаў былога СССР дапаможа ў справе развіцця міжнародных адносін на розных узроўнях. Мэта нашага даследавання – скласці такі аналітычны агляд. Рысы, якія мы будзем разглядаць, могуць быць уласцівы розным народам увогуле, і мы не падтрымліваем думку, што які-небудзь народ можа быць лепш ці горш за другі.
Разгледзім фундаментальныя асновы, на якіх, на наш погляд, стаіць менталітэт грамадзян былога СССР. Пры гэтым гаворка не ідзе пра адмаўленне ўплыву савецкага ладу на фарміравання светапогляду сучасных беларусаў, расіян, казахстанцаў і г.д. Таксама асобай справай з'яўляецца аналіз менталітэту прыбалтыйскіх народаў, на якія савецкі лад аказаў найменьшы ўплыў і якія (як таксама і Фінляндыя з Польшчай) мелі доўгую гісторыю незалежнага ад СССР развіцця пасля распаду Расійскай імперыі і да ўваходу ў сферу ўплыву Савецкага саюза. І, безумоўна, пад менталітэтам народа мы разумеем сістэму поглядаў і перакананняў, якую падзяляе большасць насельніцтва рэгіёну поўнасцю альбо часткова, але гэта не адмаўляе магчымасці распаўсюджання ідэялогій, якія поўнасцю альбо часткова супярэчаць поглядам большасці, сярод прадстаўнікоў інтэлектуальнай ці палітычнай эліт. Гаворка пойдзе пра агульныя тэндэнцыі, а не пра шматлікія выключэнні з правілаў.
«Манархічныя» погляды, павага да харызматычных лідараў.
Бадай адным з найбольш прынцыповых складнікаў постсавецкага менталітэту з'яўляецца «манархічнасць». Пад гэтым тэрмінам мы маем на ўвазе сімпатыю да ўплывовых харызматычных лідараў, ад якіх чакаецца разуменне патрэб тых, хто ідзе за імі, абарона іх інтарэсаў, і нават перакладанне на іх плечы адказнасці за усе магчымыя праблемы. Мы называем гэта «манархічнасцю» таму, што манарха, як і бацькоў, не выбіраюць а прыймаюць такім, які ён ёсць, і абсалютны манарх нясе поўную адказнасць за ўсё ў краіне. Гэта часткова тлумачыць пэўную папулярнасць палітычных лідараў, якія бяссменна кіруюць большасцю рэспублік былога СССР. Але гэта тэндэнцыя датычыцца таксама і адносін людзей да свайго начальства на рабоце, дзе шэф нясе адказнасць «за ўсё і за ўсіх». Таксама талерантныя адносіны ў сярэднястатыстычнай сям'і да мужа і бацькі, які п'е і тыраніць сям'ю, мае пэўную сувязь з «манархічнай» сутнасцю постсавецкага менталітэту. Нават калі лідар альбо кіраўнік ня мае харызмы і здольнасцяў добра арганізаваць свой калектыў, усе роўна манархічны менталітэт падказвае, што лепш такі чым ніякі, а значыць і меньш уласнай адказнасці за тое, што можа адбыцца ў такім калектыве.
Пры гэтым змену кіраўніка манархічны светапогляд малюе на манер французскай прыказкі «кароль памёр, няхай жыве кароль». Гэта добра тлумачыць той факт, што крушэнне манархіі ў Расіі, як і распад СССР не выклікалі самі па сабе ніякай грамадзянскай вайны і вострай барацьбы за аднаўленне статус-кво. Арганізацыі лаялістаў расійскай манархіі, як і КПСС налічвалі мільёны членаў, і ў абодвух выпадках такія аб'яднанні ціха зніклі, а найбольш адданыя іх члены далучыліся да новых плыняў палітычнай барацьбы.
«Манархічны» светапогляд уласцівы і многім аппазіцыянерам палітычнай улады. Прыкладамі служаць паляванне народавольцаў на імператара Аляксандра ІІ ў 1860-80 гг. і рух «Пуціна ў адстаўку» ў сучаснай Расіі. Сутнасць такой барацьбы ў перакананні, што забойства ці адстаўка кіраўніка дзяржавы пакладзе пачатак радыкальным пераменам у грамадстве і дзяржаве. Аднак вядома, што забойства Аляксандра ІІ не пабудзіла народ распачаць рэвалюцыю і не прывяло да паляпшення становішча ў Расійскай імперыі. Падобным чынам т.зв. «каляровыя рэвалюцыі» ў Украіне, Кыргызстане і Грузіі не прывялі да росту эканамічнага дабрабыту насельніцтва гэтых краін, зніжэння ўзроўня карупцыі і г.д. Дзеля аб'ектыўнасці трэба зазначыць, што падчас масавых звальненняў чыноўнікаў у гэтых дзяржавах, былі вызвалены ад сваіх пасад некаторыя карупцыянеры; таксама ў Грузіі былі арыштаваны і асуджаны на пэўны тэрмін турэмнага зняволення многія рэлігійныя экстрэмісты з прыхільнікаў Старастыльнага Сіноду мітрапаліта Кіпрыяна, якія ажыццяўлялі напады на неправаслаўнае насельніцтва краіны і пагромы офісаў міжнародных недзяржаўных арганізацый ў 1999-2003 гг. пры бяздзейнасці праваахоўных структур і ўрада Э. Шэварнадзе.
«Манархічны» светапогляд гэта дабро ці зло для народаў былога СССР? Адказ на такое пытанне залежыць ад таго каго запытаць. Калі імкнуцца быць аб'ектыўным, лепш пакінуць палітычныя спрэчкі тым, хто мае жаданне ў іх удзельнічаць, і задаць больш прагматычнае пытанне: наколькі разумна перакладаць праблемы цалкам на плечы кіраўніка? Гэта пытанне адсылае нас да праблемы ролі асобы ў гісторыі. Можна шмат разважаць пра гэта, але дастаткова параўнаць дзве непадобныя адна на адну асобы кіраўнікоў з неабмежаванай уладай – Мікалая ІІ і Сталіна. Ніхто не спрачаецца, што ў праўленне Аляскандра ІІІ, бацькі Мікалая ІІ, Расія была іншай. Зразумела што, калі б замест Сталіна на чале СССР стаяў б Троцкі ці Бухарын, многае б было зусім інакш. Але абодва лідара сутыкнуліся з выклікам для сістэмы ўлады, якую яны прадстаўлялі. Выклікам Мікалая ІІ сталі цяжкае эканамічнае становішча большай часткі насельніцтва памножанае на дыскрымінацыю нацыянальных і рэлігйных меньшасцяў і абмежаванасць грамадзянскіх правоў жыхароў Расіі. Каталізатарам праблем сталі Руска-японская вайна 1904-05 гг. і Першая сусветная вайна 1914-18 гг. Гэты выклік спарадзіў дзве рэвалюцыйныя сітуацыі: 1904-07 гг. і 1917 г. Падчас першай рэвалюцыі імператар праявіў значную палітычную непаслядоўнасць, якая асабліва выразілася ў растрэле мірнага шэсця Сходу рускіх фабрычна-завадскіх рабочых, і гэта непаслядоўнасць каштавала яму абмежаваннем улады: абсалютная манархія змянілася парламенцкай. Калі ў лютым 1917 г. пачаліся новыя хваляванні ў Петраградзе, Мікалай ІІ адмовіўся адправіць туды карныя войскі і канчаткова згубіў уладу. У сувязі з гэтым мае сэнс узгадаць характарыстыку яго асобы прыведзеную ў газеце «СБ Беларусь сёння»: «Калі разважаць аб'ектыўна нельга не прызнаць яго заслуг перад рэвалюцыяй: ён праявіў значную палітычную упартасць і зрабіў досыць неабдуманых крокаў… без актыўнага ўдзелу Мікалая II рэвалюцыя ў Расіі была б немагчымай.» [гл. 2, с. 8] (зноска 1) У чым прычына такога фіаско? Ні ў 1904-м, ні ў 1905-м, ні ў 1917-м годзе не было чалавека ў асяроддзі Мікалая II, які мог бы дапамагчы яму знайсці аптымальнае выйсце з крызісу ўлады. Пры гэтым яшчэ ў эпоху Адраджэння вядомы мыслівец Макіявелі вывеў аксіому: аб розуме ўладара можна судзіць па людзях, якіх ён трымае вакол сябе.
Выклікам Сталіна стала сама ўлада ў краіне, захопленая і ўтрыманая партыяй бальшавікоў у 1917 г. Урад бальшавікоў ня мог дапусціць дэмакратычных пераўтварэнняў, бо ўсе скончылася б ня толькі стратай улады, але і судом за разгон Устаноўчага сходу, масавыя рэпрэсіі часоў Грамадзянскай вайны і разбазараванне залатых запасаў і культурных рэліквій. (Так і адбылося неўзабаве пасля ўвядзення палітыкі Галоснасці ў СССР у 1988 г.) Сітуацыя пагаршалася барацьбой за ўладу сярод розных відных дзеячоў партыі бальшавікоў і цяжкім эканамічным становішчам у краіне. Лакмусавай паперкай для ўлады Сталіна ў СССР стала Другая сусветная вайна, якая неўзабаве перарасла для Савецкага саюза ў Вялікую айчынную. У сувязі з гэтым мы лічым вартым прывесці небясспрэчную ацэнку пісьменніка-публіцыста Віктара Суворава гатоўнасці Сталіна да Вялікай айчыннай вайны: «Ці не час задумацца над дзіўнымі абставінамі? Перад вайной Сталін знішчаў геніяльных палкаводцаў, але завяршыў вайну з несакрушымай арміяй і цэлым ансамблем ня меньш выдатных генералаў і маршалаў: Ракасоўскі, Васілеўскі, Драгунскі, Маліноўскі, Говараў, Жадаў, Конеў, Ватуцін, Чарняхоўскі, Новікаў, Кузняцоў, Малінін, Баданаў, Багданаў, Антонаў, Мерацкоў, Крэйзер, Ротмістраў, Рыбалка, Лелюшенка, Катукоў, Берзарын, Пухаў, Пуркаеў, Галаванаў. Але хіба ўсіх пералічышь!» [гл. 7, с 19]. Гісторыкі ўжо не адно дзясяцігоддзе ламаюць дзіды пры абмеркаванні пытання гатоўнасці Сталіна да вайны з Германіяй, але ў вышэй згаданых словах можна ўбачыць, што асяроддзе такога «караля» складалі высокаякасныя прафесіяналы.
Аднак сістэма масавага тэрору, якая пры Сталіне дасягнула свайго росквіту, была падобна СНІДу для СССР: такая дзяржава не магла паспяхова суіснаваць з іншымі палітычнымі сістэмамі свету, а супрацьстаянне з імі падарвала эканоміку краіны ў рэшце рэшт.
Такім чынам, мы бачым, што пры наяўнасці добра падабранай каманды памочнікаў лідар можа дасягнуць большага поспеху чым пры яе адсутнасці, але і ў такіх выпадках абраная стратэгія можа скончыцца поўным крахам. І нельга казаць, што наступствы рашэнняў Мікалая ІІ і Сталіна ня неслі ўсе народы Расіі і СССР.
«Манархічны» светапогляд падтрымлівае думку, што «каралям закон не пісаны». Паўтарымся, што такім «каралем» можа быць не толькі і не столькі кіраўнік пэўнай дзяржавы сколькі начальнік больш сціплага рангу: настаўнік у школе, дырэктар на прадпрыемстве, чыноўнік. Гэта апраўдвае шматлікія злоўжыванні і параджае пачуцце безадказнасці сярод тых, хто іх чыніць. Але практыка жыцця паказвае, што павышэнне ўзроўню прававой асветы сярод народаў былога СССР можа прынесці лепшыя вынікі, чым стыхійныя расправы з чыноўнікамі, як было за апошнія гады падчас «каляровых» рэвалюцый і іншых хваляванняў. «Манархічны» менталітэт, які ўзмацняе недавер да законаў і правасуддзя і пачуцце боязі перад помстай не апраўдвае сябе, бо пачуцце безадказнасці надзеленых уладай несумленных асоб параджае новыя ахвяры злоўжыванняў. А ў сусветнаяй гісторыі юрыспрудэнцыі вядома шмат фактаў, калі ўпартасць у барацьбе за абарону сваіх інтарэсаў у рамках законаў прыводзіла да поспеху і стварала каштоўныя прэцэдэнты.
З вышэй разгледжаных прыкладаў мы можам таксама бачыць ілюзорнасць пункту гледжання, што паспяховае развіцце краіны, города, прадпрыемства цалкам залежыць ад разумнасці і таленавітасці кіраўніка. Мы бачым, што знешнія фактары і унутранныя недахопы абранага калектывам і яго кіраўніком курсу могуць прывесці да краху нават вельмі таленавітую каманду, арганізаваную не меньш таленавітым кіраўніком. Пры гэтым пачуцце ўласнай адказнасці за свае дзеянні альбо бяздзейнасць гэта тое, чаго нярэдка не хапае людзям, якія нарадзіліся і выраслі ў СССР і продкі якіх нарадзіліся і выраслі ў складзе Расійскай імперыі. Для ілюстрацыі: калі кіраўнік любога рангу шмат гаворыць пра энэргазберажэнне, а яго падначаленныя пакідаюць уключанным святло без неабходнасці, то плаціць за гэта святло ў рэшце рэшт будуць яны самі – ці праз непасрэдны рахунак, ці ўскосна: праз рост расходаў, цэн і г.д.
Прадпрымальніцкі спрыт народаў былога СССР.
Яшчэ адна адметная рыса, якую народы былога СССР узялі ў спадчыну ад сваіх продкаў часоў Расійскай імперыі, -- гэта прадпрымальніцкі спрыт. Здаецца, што такая думка супярэчыць усяму напісанаму вышэй. Але на самой справе «манархісты» ускладаюць рашэнне глабальных праблем на «манарха», а самі вырашаюць свае ўласныя праблемы самастойна. Нярэдка і на дзяржаўных і на прыватных прадпрыемствах людзі працуюць добра толькі пад непасрэдным наглядам начальства, і гэта падцвярджае наяўнасць прадпрымальніцкага спрыту: рабочыя і служачыя эканомяць сілы для сваіх дамашніх спраў і працы на дачы і карыстаюцца рабочым часам у «нерабочых» мэтах. Гэта азначае, што жыхары былога СССР хутка бачаць выгаду для сябе. Мы звязваем гэту тэндэнцыю з Расійскай імперыяй таму, што асновы капіталістычнага і прадпрымальніцкага мыслення зарадзіліся не ў СССР 1980-х гг а яшчэ да ўзнікнення Расійскай імперыі як дзяржавы. Напрыклад, купцы Вялікага княства Маскоўскага ўзаемадзельнічалі з краінамі Еўропы і Азіі яшчэ пры Іване ІІІ. Нават прыгонныя сяляне ў Расіі ХІХ ст. падчас рабіліся міліянерамі. А згортванне новай эканамічнай палітыкі савецкай улады ў канцы 1920-х гг. не паклала канец існаванню прадпрымальніцтва ў СССР: г.зв. «фірмачы» нелегальна дзейнічалі на працягу ўсяго існавання Савецкага саюза. (Часткова гэта прычына таго што ў савецкі час пачалося аддзяленне ідэі Радзімы, якую звычайна любяць, ад ідэі дзяржавы, якую, як правіла, церпяць.)
Існуюць і пэўныя неадхопы такога прадпрымальніцага спрыту. Звычайна, жыхары былога СССР не ставяцца сур'езна да свайго бізнеса, калі такі ў іх есць, і нават пазбягаюць называць яго такім словам. Яны ў сваёй большасці не думаюць перадаваць сваю справу ў спадчыну дзецям і ўнукам па прычыне адноснай нестабільнасці эканомікі постсавецкай прасторы. Таму прадпрымальніцкі спрыт закранае пераважна атрыманне хуткай і надзейнай выгады, а інвестыцыі сродкаў часу і сіл у «доўгія» праекты амаль нікога не цікаваць. Таму многія напрамкі прадпрымальніцкай дзейнасці застаюцца нераспрацаванымі, напрыклад, нішавы рынак (тавары і паслугі для абмежаванага кола спажыўцоў). Таксама спецыялісты камерцыйных структур адзначаюць, што многія індывідуальныя прадпрымальнікі сучаснай Беларусі і выпускнікі эканамічных вну фінансава і эканамічна няадукаваныя. Гэта ў пэўнай ступені адносіцца і да іншых краін былога СССР. Ня сакрэт, што мара стаць міліянерам на постсавецкай прасторы мае асацыяцыю з тратай грошаў, а не з цяжкай працай па іх здабыванню.
Такім чынам, каб прадпрымальніцкі спрыт садзейнічаў эканамічнаму развіццю і росту матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва былога СССР неабходны стварэнне спрыяльных умоў для дробнага і сярэдняга бізнеса і павышэнне фінансава-эканамічнай адукацыі новых пакаленняў прадпрымальнікаў. Падобныя захады ў Злучаных Штатах (рэйганоміка) і КНР (пабудаванне грамадства народнага дабрабыту) прынеслі добрыя вынікі ў крызісны для гэтых краін час.
Уплыў Праваслаўнай царквы на менталітэт грамадзян былога СССР.
У Расійскай імперыі Руская Праваслаўная царква была часткай дзяржаўнага апарату. Праваслаўнага веравызнання трымалась большая частка насельніцтва Імперыі. Толькі праваслаўныя святары мелі права схіляць у сваю веру прадстаўнікоў іншых рэлігій, напрыклад буддыстаў і мусульман, на тэрыторыі Расіі. Цікавы факт прыводзіць у сваім інтэрв'ю газаеце «Аргументы і факты ў Беларусі» пратаіерэй, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі Ф. Крыванос: 44% насельніцтва СССР згодна перапісу студзеня 1937 года назваліся хрысціянамі, з іх 42% -- праваслаўнымі. [гл. 4, с. 3]. Пры гэтым атэістычнае выхаванне і масавыя рэпрэсіі не маглі не паўплываць на адказы рэспандэнтаў перапісу. Не гледзячы на тое, што культура Расіі і СССР фарміравалася пад уплывам розных рэлігій, якія існавалі на працягу доўгіх стагоддзяў, трэба прызнаць, што праваслаўны светапогляд паўплываў на мысленне нават некаторых атэістаў, пратэстантаў і мусульман.
Разгледзім асноўныя характарыстыкі праваслаўнага менталітэту. Перш за ўсе, трэба адрозніваць погляды перакананых вернікаў ад поглядаў асноўнай масы людзей, якія адносяць сябе да праваслаўных у сэнсе адзінай нацыянальна-культурнай спадчыны. У гэтай працы мы не маем мэты абразіць рэлігійныя пачуцці ні перакананых праваслаўных, ні тых, хто адносіцца да праваслаўя, як да кампанента сваей культурнай спадчыны. Але нам прыйдзецца разглядаць факты, якія могуць быць камусьці непрыемнымі, каб паказаць некаторыя складнікі праваслаўнага менталітэту.
Паколькі Руская Праваслаўная царква была часткай дзяржаўнай сістэмы кіравання, духоўныя лідары не маглі дзейнічаць насуперак дзяржаўнай палітыкі. Гэта азначала, што такія праблемы, як бюракратыя ў краіне, высокі сацыяльны кантраст, дыскрымінацыя нацыянальных і рэлігійных меньшасцяў – праблемы, якія ўласцівы і многім дзяржавам-спадкаемцам СССР, -- проста не маглі абмяркоўвацца ў царкве.
У сувязі з гэтым цікава разгледзіць з'яўленне Сходу рускіх фабрычна-завадскіх рабочых, арганізацыі, якую заснаваў і ўзначаліў святар Г.А. Гапон. Гэта была спроба заснаваць прафсаюз і таварыства ўзаемнай дапамогі пад эгідай праваслаўя і лаяльнасці да ўлады. Калі ўвосені 1904 г. пачаўся крызіс самадзяржаўнай улады, Сход паступова пачаў пераходзіць у апазіцыю, што ў рэшцэ рэшт скончылася «крывавай нядзеляй» і паклала пачатак масавым рэвалюцыйным хваляванням. У раздзеле «Праваслаўе і Гапон» нашага артыкулу «Святар Гапон і «крывавая нядзеля»» мы спрабавалі даць ацэнку ролі Рускай Праваслаўнай царквы ў рэвалюцыйных падзеях таго часу. Тады мы пісалі, што Царква «закрывала вочы на дзейнасць Гапона. Гэта было звязана з яе становішчам у Расійскай імперыі... Калі б РПЦ пазбавіла Гапона сана, як толькі ён узяўся за стварэнне сваёй арганізацыі рабочых, гэта выклікала б неўразуменне народа і незадаволеннасць свецкай улады. Апошняй Гапон быў патрэбны як болей надзейнная процівага рэвалюцыйным агітатарам, чым паліцэйскі палкоўнік Зубатаў. Калі разгортваліся падзеі студзеньскай стачкі і падрыхтоўкі шэсця да цара з петыцыяй, мітрапаліт хацеў выклікаць Гапона да сябе для атрымання тлумачэнняў, але той не пайшоў» [гл. 1].
У студзені 2012 г. д'якан А. Кураеў у артыкуле «Імператар Мікалай ІІ і падзеі 9 студзеня 1905 года ў Санкт-Пецярбургу» апісаў бачанне гэтых падзей з пункту гледжання Праваслаўнай царквы, а яго пасада, па яго ўласнаму прызнанню, забараняе яму выражаць пазіцыю, якая б супярэчыла афіцыйнаму погляду кіраўніцтва Царквы. Ен піша, спасылаючыся на кнігу мемуараў П. Мілюкова, што мітрапаліт Антоній забараніў Гапону ствараць якія-небудзь рабочыя арганізацыі, а той праігнараваў гэта і арганізаваў Сход пры падтрымцы ўрадавых чыноўнікаў. Менавіта гэта пратэкцыя і перашкодзіла мітрапаліту прыняць захады супраць непаслухмянага святара, лічыць А. Кураеў [гл. 5]. Тым не меньш факт негатыўнага стасунку Царквы да сацыяльна-палітычнай дзейнасці святара Гапона пры бяздзейнасці царкоўнага кіраўніцтва толькі падцвярджае вывад аб тым, што Царква, як дзяржаўны інстытут, не магла супрацьстаяць палітычным калізіям пачатку ХХ ст.
На гэты конт рэлігіязнаўца С. Іваненка пісаў, што Праваслаўная царква не здолела сфарміраваць у народаў Расіі імунітэт да ідэялогіі палітычнага экстрэмізму па прычыне абрадавер'я. Тэрмін «абрадавер'е» Іваненка пазычыў з «Гісторыі рускага народа» П. Мілюкова. Сутнасць гэтай з'явы ў тым, што большасць праваслаўнага насельніцтва Расіі пачатку ХХ ст больш увагі надавала абрадам і рытуалам Царквы чым маральным і духоўным вучэнням хрысціянства [гл. 3, с. 72-73]. Можна і паспрачацца з Іваненкай і Мілюковым, але трэба прызнаць, што і ў Расійскай імперыі, і на постсавецкай прасторы большасць тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі не імкнуцца назіраць маральныя і духоўныя пастулаты сваей веры і не разглядаюць іншых праваслаўных як сваіх братоў, калі апошнія, напрыклад, прытрымліваюцца іншых палітычных поглядаў.
Савецкае атэістычнае выхаванне дадала да з'явы абрадавер'я погляды рэлігійнага скептыцызму і нігілізму. Сенняшні вобраз праваслаўнага гэта звычайна чалавек, які верыць у магчымасць існавання Бога і прытрымліваецца некаторых традыцый Царквы, але пры гэтым рэдка ходзіць на рэлігійныя службы і можа мець погляды, якія супярэчаць вучэнням праваслаўя і хрысціянства ўвогуле, аб чым сведчыць папулярнасць на тэрыторыі былога СССР парнаграфічных сайтаў, астралогіі і г.д.
Яшчэ адна рыса, ўласцівая многім праваслаўным гэта нецярпімасць да рэлігійнага і палітычнага іншадумства. Разгледзім гэту з'яву на некаторых прыкладах з рэлігійнага становішча ў сучаснай Расійскай федэрацыі. Хуліганскія дзеянні ў праваслаўным храме ўдзельніц групы Пусі Раёт выклікалі значны рэзананс у грамадстве Расіі. А напады радыкалаў і хуліганаў на прэтэстантаў, крышнаітаў, мусульман, юдэяў і іх культавыя пабудовы ў шэрагу краін былога СССР не толькі не выклікаюць абурэння, але і нярэдка замоўчваюцца ў СМІ. (зноска 2) Выказванні асуджэння Рускай Праваслаўнай Царквы з боку яе рэлігійных апанентаў у сучаснай Расійскай фэдэрацыі разглядаюцца як экстрэмістскія; пры гэтым ганебныя выказванні, напрыклад, прафесара А. Дворкіна, аб рэлігійных меньшасцяў Расіі застаюцца без увагі праваахоўных структур. За ўсім гэтым стаіць нецярпімасць, якую ў свядомасці праваслаўных выхоўвалі яшчэ ў Расійскай імперыі. Паколькі Руская Праваслаўная царква была дзяржаўнай структурай Расіі, на працягу гісторыі ў свядомасць народаў Імперыі праводзілася думка пра абавязковую сувязь усяго пазітыўнага, усіх дасягненняў краіны, усіх момантаў яе развіцця з праваслаўем і самадзяржаўем. (Пры савецкай уладзе аналагічную ролю адводзілі кампартыі і ўраду). І нааадварот з іншаверцамі і іншадумцамі звязвалі ўсё негатыўнае. Між тым, яшчэ з часоў Кіеўскай Русі славянскія народы жылі ва ўмовах поліканфесіяналізму. І ў гарманічнае развіцце дзяржаў, на фундаменце якіх былі пабудаваны Расійская імперыя, потым СССР, а зараз краіны-спадкаемцы Савецкага Саюзу, уносілі сваю лепту людзі розных веравызнанняў і палітычных поглядаў. (Напрыклад, асветнікі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі на Беларусі былі пратэстантамі).
Нецярпімасць да юдэяў прывяла ў пачатку ХХ ст. да яўрэйскіх пагромаў на тэрыторыі сучасных Беларусі, Украіны, Малдовы. Гэта ў сваю чаргу падштурхоўвало асоб яўрэйскага паходжання да ўдзелу ў радыкальных палітычных арганізацыях, эміграцыі. І ў вынікуРасійская імперыя губляла тых, хто мог бы даць свае інтэлект, працавітасць і сілы на карысць усей краіны. Даволі напружанныя ўзаемаадносіны паміж хрысціянамі і мусульманамі ў сучаснай Расіі таксама часткова звязаны з дыскрымінацыяй мусульман у Расійскай імперыі: агрэсія супраць народаў Каўказа ў ХІХ ст., напаўпрымусовае распаўсюджанне праваслаўя ў Сярэдняй Азіі (пры гэтым цяжка ўявіць каб сярод славянскага насельніцтва Імперыі дазволілі свабодна распаўсюджваць ідэі іслама). (зноска 3)
Такім чынам, няма неабходнасці доўга гаворыць, што нецярпімасць – гэта недахоп. Зразумела, што павагу да людзей розных культур, рэлігій і палітычных поглядаў немагчыма насадзіць «зверху». Аднак, калі ў сродках масавай інфармацыі будуць часцей гучаць пазітыўныя ацэнкі эканамічных, культурных і духоўных ўнёскаў нацыянальных і рэлігійных меньшасцяў замест вышэй апісаных ідэялагічных стэрэятыпаў часоў Расійскай імперыі, гэта пасадзейнічае не толькі культурнаму, але нават і эканамічнаму развіццю краін былога СССР. Прыклад ЗША паказвае, што належная павага да правоў меньшасцяў ніколі не перашкаджае жыццю большасці і пры гэтым садзейнічае гарманічнаму развіццю грамадства.
Гасціннасць народаў былога СССР
Усе славянскія і неславянскія народы былога Савецкага саюза вядомы сваёй гасціннасцю. Трэба сказаць, што гэта рыса фарміравалася стагоддзямі і мае мала дачынення да агульнага лёсу гэтых народаў як часткі Расійскай імперыі і СССР. Але пры савецкай уладзе гасціннасць не заўсёды была пажадана па прычыне класавай барацьбы і масавых рэпрэсій. На працягу ўсёй гісторыі існавання Савецкага саюза той, хто праяўлял гасціннасць да «ворага народу», членаў яго сям'і і сваякоў ці проста да асоб, якія знаходзіліся ў няміласці савецкай дзяржавы па прычыне іх нацыянальнага ці класавага паходжання, рэлігійных перакананняў, маглі падвяргацца розным відам дыскрымінацыі. Таму Расійская імперыя, якая была не таталітарнай а аўтарытарнай дзяржавай, мае больш дачынення да захавання традыцый нацыянальнай гасціннасці чым СССР.
Безумоўна, гасціннасць народаў былога СССР можа добра пасадзейнічаць у пераадоленні негатыўных стэрэятыпаў адносна народаў былога СССР, якія распаўсюджаны ў розных краінах свету. Таксама гэта рыса актыўна выкарыстоўваецца ў развіцці міжнароднага турызму і іншых відаў бізнеса.
Гэтай пазітыўнай характарыстыкай мы жадаем завяршыць наш аналітычны агляд. Як казаў Спіноза трэба «не плакаць, не смяяцца, а разумець», і мы спадзяемся, што такое даследванне дапаможа тым, хто з інтэлектуальнай сумленнасцю гатовы аптымальна выкарыстоўваць станоўчыя характарыстыкі менталітэту народаў былога СССР у справе паляпшэння міжнародных адносін рознага ўзроню. Таксама мы лічым, што апісаныя намі вышэй недахопы – гэта магчымасць разумець і выпраўляць становішча для дасягнення новых узроўняў сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.
Зноскі
1. Няма адзінай думкі даследчыкаў ці лічыць 1905 г. пачаткам першай русскай рэвалюцыі, бо з восені 1904 г. пачалася актыўная «банкетная кампанія», калі ва ўмовах адсутнасці свабоды правядзеня мірных палітычных акцый пратэсту прыхільнікі абмежавання абсалютнай манархіі ў Расіі збіраліся на банкеты, дзе рабілі прамовы ў форме тостаў. У гэты жа час ішла кампанія падачы прашэнняў (петыцый) цару з патрабаванем сацыяльна-палітычных і эканамічных рэформ ад розных катэгорый насельніцтва і розных палітычных груп.
2. Прыклады нядаўніх хуліганскіх нападаў на культавыя пабудовы рэлігійных меньшасцяў у Расіі апісаны ў навуковым даследванні інфармацыйнага цэнтру «Сава» [гл 6]
3. У 1905 годзе актывісты з ліку казахскай інтэлігенцыі пісалі петыцыі Мікалаю ІІ і яго ўраду, у адной з якіх прасілі забараніць праваслаўным місіянерам наведываць казахскія аўлы і выкладаць хрысціянства ў школах, а таксама дазволіць мусульманам ажыццяўляць хадж у Мекку [гл. 8, с. 118].

Крыніцы і літаратура
1. Берестовский, А. Священник Гапон и «кровавое воскресенье» / А. Берестовский // [Электронный ресурс] / Исторический сайт Historiapure -- Режим доступа: http://historiapure.narod2.ru/artikuli/svyaschennik_gapon_i_krovavoe_voskresene Дата доступа: 07.10.2012.
2. Зимовский А. Николай II и II съезд РСДРП// СБ Беларусь сегодня. – 2008 – 26 июля – С.8.
3. Иваненко, С. И. О людях, никогда не расстающихся с Библией / С. И. Иваненко. Москва: Арт-Бизнес-Центр. – 1999. – 271с.
4. Крючкова, А. Сопротивление сознания. Как не впитывать ложные идеи. /А. Крючкова // Агрументы и факты в Белоруссии/ – 2012 3 октября – C. 3.
5. Кураев, А. Император Николай ІІ и события 9 января 1905 года в Санкт-Петербурге / А. Кураев // [Электронный ресурс] / Блог А. Кураева на сайте Livejournal -- Режим доступа: http://diak-kuraev.livejournal.com/265987.html Дата доступа 07.10.2012.
6. Сибирева, О. Проблемы реализации свободы совести в России в 2011 году / О. Сибирева // [Электронный ресурс] / Информационный портал «Сова» – Режим доступа http://www.sova-center.ru/religion/publications/2012/03/d23788/ Дата доступа 05.10.2012.
7. Суворов, В. Очищение: Зачем Сталин обезглавил свою армию? / В. Суворов. − Москва: АСТ : АСТ МОСКВА, 2006. – 346 с.
8. Қабылдинов, З. Движение Алаш и насущные проблемы казахского общества в начале ХХ века / З. Қабылдинов // Әлем қазақтырының рухани сұхбаты: тіл, мәдениет және Алаш мұраты. Ҳалықаралық ғылыми-теориялық конференция материалдары. Алматы. – 2008. − С. 116−120.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...