14.04.2013

навукова-даследчы артыкул пра лацінскія літары ва ўсходнеславянскіх мовах


Гэты матэрыял рыхтаваўся ў друк на пачатку 2012 г. і з'яўляецца часткай доўгатэрміновага даследавання
Берастоўскі А. В.
Выкладчык кафедры ТіПП
Гісторыя і сучаснаць выкарыстання лацінскага алфавіту ў беларускай і ўкраінскай мовах.
Праблема выкарыстання лацінскага алфавіту ў сучасных мовах свету і працэс лацінізацыі алфавітаў свету падчас тэхнагеннай рэвалюцыі – не самае распрацаванае навуковае пытанне. Мы займаемся даследваннем апошніх тэндэнцый выкарыстання лацініцы ў розных мовах свету з 2006 г. і маем 8 публікацый з вынікамі даследванняў. [гл.1-4] У папярэднім артыкуле, прысвечаным ролі лацінкі ў сучасных украінскай і беларускай мовах, мы разглядалі праблему суіснавання розных стандартаў транслітарацыі кірыліцы лацінскімі сімваламі (напрыклад напісанне Ivatsevichy i Ivaceviczy альбо Mitskevich i Mickiewich), а таксама адмысловае «аўтарскае» выкарыстанне лацінскіх сімвалаў у СМС-паведамленнях і іншых відах электроннай карэспандэнцыі. [гл.3, с.14-16] У гэтым артыкуле мы будзем весці гаворку пра высокатэхналагічныя распрацоўкі для лацінскай транслітарацыі ўкраінскіх і беларускіх кірылічных тэкстаў і аб перспектыўнасці выкарыстання лацініцы ў сучасных беларускай і ўкраінскай мовах.
У 2010-12 гг. пачалося актыўнае выкарыстанне ўкраінскай лацініцы, заснаванай на элементах польскай и чэшскай графікі. У рускім дамене Вікіпедыі у артыкуле «Украинская латиница» прыводзіліся прыклады напісання лацінкай па-ўкраінску верша Т. Шаўчэнкі і ўрыўка навуковага з артыкулу. [гл. 9]. Літара «г» згодна гэтай сістэмы перадаецца лацінскай «h», а «ч» і «ш» выражаюцца сімваламі «č» і «š» адпаведна. Лацінскія літары «g», «q» і «x» выкарыстоўваюцца ва ўкраінскай лацінце пераважна ў запазычаных словах.
У процівагу гэтай сістэме вучоныя з Тэрміналагічнай камісіі па прыродазнаўчым навукам Кіеўскага ўніверсітэту імя Т. Г. Шаўчэнкі распрацавалі свой варыянт украінскай лацініцы без сімвалаў з дыякрытычнымі знакамі і стварылі пад яе камп'ютарную праграму, якая дае магчымасць пераводзіць тэкставую інфармацыю, напісаную па-руску, беларуску ці ўкраінску кірыліцай, у лацінку і наадварот. [гл. 10]
Разнастайнасць і разнапланавасць варыянтаў лацінскай транслітарацыі ўкраінскай мовы яскрава сведчыць аб тым, што да афіцыйнага пераходу на лацінку ня гатовы ні грамадства, ні дзяржава. Філолаг НАН Украіны М. Вакуленка, які ўжо працяглы час даследуе пытанне выкарыстання лацінкі пры транслітарацыі ўкраінскай мовы, напісаў навуковы артыкул на англійскай мовеаб вышэйзгаданай камп'ютарнай праграме. У гэтай працы ен зазначыў паміж іншага: «Мы падкрэсліваем, што лацінка ня замяняе сабой кірыліцу, а толькі ўвялічвае яе магчымасці ў сферы міжнароднай і камп'ютарнай камунікацыі». [гл. 10]
У беларускай мове існуе доўгая гістарычная традыцыя выкарыстання лацінкі з дыякрытычнымі сімваламі польскай і чэшскай моў. На сучасным этапе выкарыстанне лацінкі ў беларускай мове пераважна звязана з транслітарацыяй уласных імен пры перакладзе на замежныя мовы альбо з электроннай карэспандэнцыяй. Тым ня меньш, існуюць энтузіясты беларускай гістарычнай лацінкі, якія актыўна прапагандуюць яе выкарыстанне на сур'езным узроўні.
Есць звесткі, што беларускую лацінскую графіку актыўна выкарыстоўвалі і нават зараз выкарыстоўваюць у беларускамоўных дыяспарах далекага замежжа. У апошнія гады арганізацыя «Łacinka.org » займалася папулярызацыяй беларускай лацінкі, прыводзячы навуковыя доказы яе жыццяздольнасці. У інтэрв'ю з прадстаўніком «Łacinka.org » Аляксандрам Навіцкім, апублікаваным у Інтарнэце на беларускай мове лацінкай, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская паведаміла наступныя факты. Сучасная сістэма беларускага правапісу лацінкай канчаткова сфарміравалася ў 1941 г. намаганнямі мовазнаўцы Яна Станкевіча, і, на думку Н. Баршчэўскай, адлюстроўвае ўсе фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Беларусы Польшчы да гэтага часу пішуць на роднай мове лацініцай. На беларускай мове лацінкай друкаваліся такія публікацыі і перыядычныя выданні: газета «Беларусь на чужыне» (Лондан 1948-1950 гг.) навуковы часопіс «Літва» (Чыкага 1967-1973 гг.) кніга В.Пануцевіча «Берасцейская вунія» ( Чыкага 1972 г.) Пры гэтым перыедыка выдавалася на рататары, і падчас ня хапала сімвалаў з дыякрытычнымі знакамі. [гл. 11]
У тым жа выданні «Łacinka.org » прыводзіліся разважанні пісьменніка Уладзіміра Арлова аб актуальнасці вывучэння лацінграфічнага правапісу беларускай мовы і выданні некаторай літаратуры лацінкай. Ен, напрыклад, казаў, што вывучэнне лацінкі беларускай мовы ў беларускім гуманітарным ліцэі дапамагло яго сыну лепш арыентавацца ў Польшчы, Чэхіі і Славакіі, дзе пішуць лацінкай на блізкіх беларускай славянскіх мовах. Арлоў таксама спаслаўся на вопыт Сербіі і Чарнагорыі, дзе людзі ўмеюць пісаць на роднай мове і кірыліцай, і лацінкай. І выказаў думку, што ў далекай перспектыве беларусы, як і сербы, будуць аднолькава добра пісаць па-беларуску і кірыліцай, і лацінкай. [гл. 11]
Падобная думка прагучала ў філолага Зміцера Саўкі падчас яго інтэрв'ю на тэлеперадачы «Моўнік» канала «БелСат» у 2010 г. Пасля экскурсу ў гісторыю беларускай лацінкі З. Саўка заявіў, што ў пэўнай перспектыве лацінка ізноў атрымае шырокае распаўсюджанне.
Акрамя гэтага, у апошнія гады выйшлі ў свет распрацоўкі раскладак камп'ютарнай клавіятуры для лацінскай графікі беларускай мовы. Сярод іх Keyboard Lithuaniae, прадстаўленная ў 2009 г. Лігай Манархічнай Вялікага Княства Літоўскага. [гл. 12] Адна з распрацовак для АС Windows Vista дазваляе пісаць лацінкай пры выкарыстанні кірылічных клавіш беларускай раскладкі, г.зн. спажыўцу гэтага прадукту не абавязкова валодаць уменнем пісаць лацінкай пры ўмове, што ен ці яна ўмее правільна пісаць па-беларуску кірыліцай. [гл. 13] Гэтыя праграмы даступны для спампавання праз сацыальныя сеткі і выкладзены ў Жывым журнале.
Тым ня меньш, існуюць сур'езныя прычыны скептычна ставіцца да перспектывы шырокага распаўсюджання беларускай і ўкраінскай лацінкі, нягледзячы на тое, што неразумна зусім адмаўляць такую магчымасць. Існуе шэраг цяжкасцей, без пераадолення якіх праблематычна распаўсюджваць лацінскую графіку беларускай і ўкраінскай моў. Галоўная цяжкасць – адносна невялікая колькасць носьбітаў гэтых моў. Ва Ўкраіне значная частка насельніцтва аддае перавагу рускай мове, і ўрад краіны заклапочаны праблемай папулярызацыі ўкраінскай мовы. На Беларусі толькі 23% насельніцтва, згодна перапісу 2009 г. карыстаецца беларускай мовай дома. Пры гэтым суіснуюць некалькі варыянтаў вымаўлення і кірылічнага правапісу: «тарашкевіца», правапіс 1920-30-х гг. , якой аддае перавагу частка інтэлігенцыі, «наркамаўка» правапіс, які прыйшоў на змену «тарашкевіцы», правапіс 2009 г., і «трасянка», піджын на аснове рускіх слоў і беларускай граматыцы, распаўсюджаны сярод правінцыяльнага насельніцтва краіны. Пры гэтым большасць насельніцтва аддае перавагу рускай мове, і многім даволі цяжка зарыентавацца як правільна размаўляць і пісаць па-беларуску. У такіх умовах навучанне лацінскаму алфавіту ў школах і выданне літаратуры лацінкай унесла б яшчэ больш блытаніны і знізіла заахвочанасць да вывучэння роднай мовы. Да таго ж афіцыйнае распаўсюджанне лацінкі выклікае непазбежныя фінансавыя расходы. Мы праверылі перспектыўнасць выкарыстання лацінаграфічнага правапісу беларускай і ўкраінскай моў з дапамогай статыстычных звестак двух сайтаў, якія маюць старонкі на сотнях моў: wikipedia.org i watchtower.org. Абодва сайты ня мелі ніякай інфармацыі на беларускай ці ўкраінскай мовах лацінкай. На абодвух сайтах есць раздзелы на літаратурнай украінскай мове Пры гэтым wikipedia.org мае артыкулаў, напісаных «тарашкевіцай» і «наркамаўкай». Супрацоўнік watchtower.org у прыватнай суразмове паведаміў, што пакуль сайт ня мае спецыяліста, які добра валодае беларускай мовай, але выдавецтва, якому належыць гэты сайт ужо выпускала друкаваную інфармацыю па-беларуску кірыліцай. Таксама многія камп'ютарныя праграмы маюць опцыю выбару беларускай альбо ўкраінскай мовы інтэрфейсу, праграма AIMP нават прапануе і «тарашкевіцу», і «наркамаўку», але акрамя вышэйзгаданых праграм мы больш ня сустракалі аніякіх працуючых з беларускай альбо ўкраінскай лацінкай.
Можна часткова згадзіцца з довадамі У. Арлова, што вывучэнне беларускай лацінкі ў школе можа быць карысным для паездак за мяжу і што есць сэнс выдаваць літаратуру лацінкай для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Але пры гэтым такое вывучэнне можа быць толькі факультатыўным. І параўнанне сітуацыі Сербіі і Чарнагорыі з сітуацыяй Беларусі і Ўкраіны даволі неаб'ектыўнае.
Літаратура
Берестовский А. В. Новые тенденции использования латинского алфавита в языках с другими системами письменности// Материалы РНТК. «Беларусь в эпоху революционных потрясений» 10 ноября 2006 г Минск. Мн: БГПУ, 2006, с.167-169
Берестовский А. В. Латинская транслитерация русского языка: новые тенденции.// Материалы МНТК «Европа: актуальные проблемы этнокультуры» 27 апреля 2007 г. Минск. Мн: БГПУ, 2007, с175-177
Берастоўскі А. В., Берастоўская М. В. Праблемы выкарыстання лацінскага алфавіту ў беларускай, рускай і ўкраінскай мовах на сучасным этапе.//Экономическое образование и современные педагогические технологии. Экономика и предпринимательство: сб. науч. работ. Вып. 2. Мн.: БГПУ, 2008, с.14-16
Берестовский А. В. Использование принципа подобия символов при латинографической транслитерации текста с языков с альтернативными алфавитными системами//Экономическое образование и современные педагогические технологии. Экономика и предпринимательство: сб. науч. работ. Вып. 3. Мн.: БГПУ, 2009, с.13-16
Берастоўскі А. В. Суіснаванне лацініцы і кірыліцы ў адной мове на сучасным этапе.//Экономическое образование и современные педагогические технологии. Экономика и предпринимательство: сб. науч. работ. Вып. 4. Мн.: БГПУ, 2010, с.4-6
Берестовский А. В. Использование двух алфавитов в одном языке на современном этапе//Предпринимательство в Беларуси: Опыт становления и перспективы развития. Материалы VII МНПК. Минск 20 апреля 2010. Мн.: БГПУ 2010, ч.2, с. 8-9
Берестовский А. В. Переход на латинский алфавит в странах постсоветсткого пространства и произвольное использование латинских символов//Экономическое образование и современные педагогические технологии. Экономика и предпринимательство: сб. науч. работ. Вып. 5. Мн.: БГПУ, 2011, с.7-9
Берестовский А. В. Языковая ситуация в Молдове// Предпринимательство в Беларуси: опыт становления и переспективы развития. Материалы 9-й МНПК. Мн: «БГПУ», 2012 с.194-195
www.ru.wikipedia.org/Украинская латиница Дата доступу: 04.02.2012
Maksym Vakulenko. Transliteration by Eastern-Slavonic Latinics: From Saving Information to Saving Expenses//http://translit.ndivision.net/nicy.dll/nicy.dll?morover Дата доступу: 04.02.2012
http://web.archive.org/web/20100413202809/http://lacinka.org Дата доступу: 04.02.2012
http://lacinka.livejournal.com/50686.html Дата доступу: 04.02.2012
http://misternet.livejournal.com/14074.html Дата доступу: 04.02.2012

1 комментарий:

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...