20.11.2013

Беларусь пасля перамогі паўстання 1863 г. Гістарычная альтэрнатыва

У юбілейны год паўстання 1863 г., вядомага ў Расіі як Польскае паўстанне, а ў Беларусі, як паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, назіраецца ўсплёск навуковых, навукова-папулярных і гісторыка-публіцыстычных выданняў пра гэта паўстанне. Многіх з іх аўтараў можна ўмоўна падзяліць на тых, хто мае больш сімпатый да паўстанцаў, і тых, каму больш да спадобы была Расійская імперыя. Пры гэтым нярэдка такія апаненты лічаць сябе патрыётамі сучаснай сувярэннай Беларусі. Але гісторыкі, як і іншыя людзі, маюць права на ўласныя перакананні, і гаворка пойдзе пра іншае. У некаторых даследаваннях апублікаваных (ці перадрукаваных) з нагоды 150-годдзя паўстання можна было заўважыць спробу ўбачыць гістарычную альтэрнатыву: а што б было калі паўстанцы перамаглі?
Я гісторык з польскім прозвішчам, рускі па нацыянальнасці і пішу на беларускай мове, таму разарвацца і заняць пазіцыю за ці супраць паўстанцаў не магу і трымаю строгі нейтралітэт. Але бяру на сябе смеласць напісаць магчымы альтэрнатыўны ход гісторыі Беларусі ў складзе 2-й Рэчы Паспалітай. Безумоўна, кожны альтэрнатыўны варыянт можна крытыкаваць, асабліва, калі ён не да спадобы каму-небудзь па прычыне палітычных перакананняў. Але кожная спрэчная спроба пяра – гэта магчымасць знайсці гістарычную праўду ў дыскусіях ці напісаць аправяржэнне.
На якіх умовах маглі перамагчы інсургенты.
Падчас вайны з рускімі паўстанцы мелі чатыры асноўныя праблемы, што сталі для іх справы фатальнымі. Першая – адсутнасць арміі роўнай рускай. Партызанскія атрады, якія складаліся пераважна з былых студэнтаў і маладых дваран супрацьстаялі рэкрутам. Пакуль малады дваранін танчыў з дзяўчынамі і вучыўся добрым манерам і замежным мовам, рэкрут ужо не адзін год хадзіў пад кулямі на Каўказе і ў Крыму. Калі студэнт грыз граніт навукі, рэкрут рубіўся з туркамі, персамі, чэчэнцамі, англічанамі і французамі. У такіх умовах партызанская вайна была адзінай магчымасцю як-неяк пратрымацца. У артыкуле «Польское восстание 1863 г.» рускай Вікіпедыі прыводзяцца звесткі аб стратах бакоў 2 тыс. чалавек забілі паўстанцы (зразумела, не толькі рускія вайскоўцы) і 30 тыс. паўстанцаў загінулі ў баях з рускімі. З праўдзівасцю гэтых лічбаў не ўсё зразумела, і безумоўна былі баі, ў якіх рускія неслі большыя страты, чым паўстанцы, але каб забіць аднаго рэкрута нярэдка галаву складалі дзесяць інсургэнтаў ці больш.
Другой праблемай была адсутнасць міжнароднага прызнання легітымнасці паўстання і гатоўнасці еўрапейскіх краін ваяваць з Расіяй за незалежнасць Польшчы.
Трэцай праблемай можна назваць адсутнасць сярод лідараў паўстання фігуры падобнай М. Мураўёву. Генерал-губернатар Мураўёў меў сталінскія розум, рашучасць, логіку і лідарскія здольнасці. Ён ведаў, якога чыноўніка куды паставіць, каб працавала ўся сістэма, як адрэзаць паўстанчыя атрады ад фінансавай падтрымкі; ён быў гатовы ўзяць у саюзнікі сялян (якія ў Расійскай імперыі не былі сацыяльна блізкімі); не спыняўся над тым каб фізічна вынішчаць паўстаўшых дваран (сацыяльна блзкіх) і пры гэтым так паставіць сітуацыю, што іх заступнікі не паспявалі дабіцца іх апраўдання ці адмены смяротнага пакарання, а ў вачах народа яны выглядалі не як высакародныя рэвалюцыянеры, а як бандыты, якія былі не вартымі іншага прысуду. Паўстанцы не знайшлі фігуры, якая б рэальна магла стаць процівагай Мураўёву.
І чацвёртая праблема, якая датычыцца пераважна Беларусі. Большасць насельніцтва было сялянскім, для сялян «паўстанне паноў» не было прывабным. Наадварот, стагоддзі класавага процістаяння садзейнічалі таму што сяляне (ў асноўнай масе сваей) былі гатовы адпомсціць дваранам за паншчыну і чынш, за пакаранне бізуном, за страляніну дробнымі кулямі па ягадзіцам прыгонных сялянак, якія пры гэтым мусілі кукаваць. Пры такім раскладзе паўстанцы рабіліся акупантамі на сваёй зямлі, а рускія на чале з Мураўёвым скарысталіся сітуацыяй і раздавалі сялянам грошы і зброю, жывёлу і землі. І таму да 1940-х гг. сяляне Заходняй Беларусі былі багацейшымі за сваіх усходніх землякоў. Былі сяляне, што ішлі за паўстанцамі, асабліва за маладым таленавітым і харызматычным К. Каліноўскім, але гэта былі асобы з палітычнымі перакананнямі, а не клас.
Вернемся да альтэрнатыўнай гісторыі. Уявім, што замест Мураўёва (якога забілі, ці ён сам памёр, ці яго змясцілі прыдворныя інтрыганы, ці яго ўвогуле не было) царскі ўрад ставіць іншага намесніка, які не можа ваяваць супраць сацыяльна блізкіх на баку сялян, які здольны толькі на паўмеры і не можа супрацьстаяць уплывовым прыдворным абаронцам палонных інсургентаў. Дададзім да гэтага перанос тэрарыстычных актаў на тэрыторыю сучаснай Расіі: то паўстанцы падпаляць маёнтак пад Растовам, то заб'юць якога-небудзь графа ў Маскве, то разрабуюць праваслаўны манастыр у Сергіевым Пасадзе. Пры гэтым паўстанцы знешне не адрозніваюцца ад рускіх і паспрабуй знайдзі іх на абшарах Расіі. А магчымы і іх саюз з рухам радыкальных народавольцаў.
У гісторыі было не меньш за тры выпадка, калі тэрарызм мусіў вялікія дзяржавы адступіць перад слабейшым ворагам. У 1940-я гг. ізраільцяне праз тэрарызм прымусілі Вялікабрытанію даць ім незалежнасць. Алжырская вайна за незалежнасць скончылася перамогай алжырцаў у 1954 г. менавіта пасля таго як алжырскія эмігранты пачалі тэрарыстычную дзейнасць на тэрыторыі Францыі. А ўрад Ельціна падпісаў Хасав'юртаўскі мір з Чэчнёй, як акт аб капітуляцыі Расіі, пасля таго як стала зразумелым, што чэчэнцы будуць ваяваць не толькі на сваёй зямле. Таму тэрарызм паўстанцаў мог стаць прычынай іх перамогі ва ўмовах адсутнасці ворага з розумам і воляй Мураўёва.
Яшчэ адна магчымасць перамагчы – дапамога Еўропы. Безумоўна, гэта была б магчымасць не столькі дапамагчы палякам і іх саюзнікам, сколькі зрабіць Расію слабейшым канкурэнтам у барацьбе за панаванне ў свеце. Калі б існавала пагроза вайны з Вялікабрытаніяй, Францыяй і Прусіяй, Расія палічыла б меньшай стратай дазволіць адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. ці крыху меньшых.
І яшчэ адна магчымасць перамагчы была б у выніку паўтарэння ўрадам Аляксандра ІІ памылкі Барыса Гадунова. Калі пачалася вайна з невялікім войскам польска-літоўскіх наймітаў Ілжэдзмітрыя І, войскі Барыса распачалі такую зачыстку мясцовасці там дзе ўжо ўвайшлі варожыя войскі, што мясцовае насельніцтва дружна заняло бок Ілжэдзмітрыя І. Падобным чынам, калі б замест Мураўёва расійскі ўрад накіраваў на Беларусь ман'яка, які б прымушаў рускіх вайскоўцаў рабаваць, рэзаць, гвалціць і паліць жыўцом усіх жыхароў гарадоў і вёсак, дзе з'яўляліся паўстанчыя атрады, то пасля такога сяляне сустракалі бы сваіх класавых ворагаў хлебам-соллю і самі масава пераходзілі ў шляхецкія партызанскія атрады. А рускія рэкруты масава перабягалі б да ворага, і тым самым рабілі б яго армію роўнай рускай.
Такім чынам мэта паўстання 1863 г. -- адраджэнне Рэчы Паспалітай была б дасягнута поўнасцю або часткова.
Пасля перамогі рэвалюцыі
Я адмыслова стаўлю тут слова «рэвалюцыя», бо гэта было б падобна вайне амерыканскіх каланістаў за незалежнасць ад Вялікабрытаніі, якую самі амерыканцы называюць Амерыканскай рэвалюцыяй. Хучэй за ўсё новы ўрад Рэчы Паспалітай праводзіў б такія ж аналогіі і да паўстання 1863 г., калі б яно скончылася перамогай. І там, і там стварэнне незалежнай рэспубліканскай дзяржавы ў выніку барацьбы з імперыяй, і там, і там перамога ліберальных каштоўнасцяў над тыраніяй манарха.
Але перамога над рускімі не значыла б пачатак мірнага жыцця. Урад Расіі працягваў б барацьбу за землі «Малыя і Белыя Русі», якія лічыў сваімі. Для гэтага рускія агенты падбухторвалі б сялян Беларусі і Ўкраіны да ўзброенных выступленняў, засылалі б казацкія атрады для дыверсійнай вайны, перадавалі б паўстаўшым сялянам грошы і зброю, фарміравалі б атрады з валанцёраў, гатовых ваяваць з палякамі на іх тэрыторыі.
Трэба зазначыць, што адсутнасць адзінства сярод кіраўнікоў паўстання магла б прывесці да элементаў грамадзяскай вайны паміж лібераламі і радыкаламі. Зразумела, рускія не шкадавалі б грошай на інтрыгі, змовы, замахі на жыццё каб аслабіць адрадзіўшагася канкурэнта. Але малаверагодна, каб палякі дазволілі ізноў разваліць сваю краіну праз унутраннае бязладдзе. Цяжка казаць ці ўсталявалася б жорская дыктатура адной палітычнай групы або розныя палітычныя партыі фракцыі і рухі неяк дамовіліся паміж сабой і ў Рэчы Паспалітай усталявалася б нейкая версія дэмакратыі, але масштабная грамадзянская вайна за ўладу была б малаверагоднай.
Пры гэтым узброенная барацьба з беларускімі сялянамі была б крывавай і цяжкай. За падтрымку рускіх, за абмен палонных паўстанцаў на жывёлу і грошы сяляне плацілі б крывёю з прцэнтамі. У сваю чаргу Расія б дапамагала распаліць гэта процістаянне, і шляхецкія атрады доўга б адчувалі сябе акупантамі ў сваіх маёнтках. Наўрадці К. Каліноўскі здолеў б штосьці істотна перамяніць у гэтай класавай барацьбе. Ён быў харызматычным прамоўцам і мог павесці за сабой атрады на ворага, але ён не прадстаўляў інтарэсы ўсіх паўстанцаў, якія пераважна былі польскімі ці апалячанымі дваранамі, і для якіх беларускія сяляне былі нечым накшалт Вандэі для французскіх рэвалюцыянераў. Магчыма ў некаторых асобных сітуацыях Каліноўскі здолеў б спрымірыць беларускіх сялян і польскіх дваран, але глабальна ён бы нічога не змяніў (аб гэтым яскрава сведчыць яго «Мужыцкая праўда», дзе многа гаворыцца пра праблемы сялян, пра неабходнасць перамен, але за заклікамі да барацьбы з рускімі няма дакладнай праграмы пераутварэнняў). Таму зорка Каліноўскага закацілася б як раз пасля перамогі рэвалюцыі і ўзышла б ізноў на нейкі юбілей паўстання пасля яго смерці, можа ў 1963 ці 2013 г. Але гэта неабавязкова значыць, што Каліноўскі б скончыў жыццё самагубствам ці пакінуў грамадскую дзейнасць. Магчыма, ён мог працягваць займацца палітыкай і мог нават атрымаць нейкую неістотную пасаду ў новым урадзе Рэчы Паспалітай, накшалт міністра асветы ці культуры. Хутчэй за ўсё яго погляды б мяняліся падчас яго сталення і старэння. Праз нейкі час ён мог б стаць і прэзідэнтам новай Польшчы, але гэта быў бы ўжо не той Каліноўскі, які з'яўляецца для цяперашніх беларускіх камуністаў і нацыяналістаў кумірам падобным Чэ Гевары на Кубе.
Процістаянне сялян і дваран скончылася б праз некалькі гадоў палітыкі бізуна і перніка. Сяляне б атрымалі зямельныя надзелы (безумоўна значна меньшыя чым мураўёўскія), крэдыты на развіццё гаспадаркі. Адначасова на землі тых беларускіх сялян, што збеглі як бежанцы ў Расію ці загінулі падчас баёў з рэвалюцыйнай арміяй, актыўна б перасялялі польскіх асаднікаў. Колькасць асаднікаў паступова павялічвалася б ў сувязі з міграцыяй сялян у польскія гарады і за мяжу ў канцы ХІХ ст.
Канфесіянальная палітыка Рэчы Паспалітай была б такой: дазвол свабоды веравызнання для ўсіх, акрамя Рускай Праваслаўнай царквы. Пераход праваслаўных ва ўніяцтва быў б дабраахвотна-прымусовым з рэпрэсіямі супраць рускіх святароў. Але вопыт 1839 г. паказаў, што насельніцтва Беларусі не выступала супраць рэлігійных пераўтварэнняў, калі яны не закранаюць звонкавую абраднасць, таму ўсе магчымыя хваляванні насілі б пераважна анціпольскі, а не анціўніяцкі характар. Пры гэтым трэба памятаць, што на баку інсургентаў ваявалі і некаторыя рускія афіцэры, сярод якіх былі не толькі кар'ерысты, што перайшлі на бок рэвалюцыі каб прасунуцца вышэй па кар'ернай лёсвіцы, але і шчырыя барацьбіты за незалежнасць Польшчы ад Расіі. І такім рускім хутчэй за ўсё дазволілі мець магчымасць трымацца праваслаўнага веравызнання і мець для гэтага цэрквы і часоўні дзе-небудзь. (Падобным чынам і Расія, і старая Рэч Паспалітая дазваляла мусульманам і іўдэям спавядаць сваю рэлігію пры ўмове яе нераспаўсюджвання на праваслаўных і каталікоў і дазволу пакідаць іслам і іўдаізм асобным вернікам на карысць дзяржаўнай рэлігіі).
Нацыянальная палітыка ішла б у русле памяркоўнай паланізацыі. З аднаго боку падчас рэвалюцыйнага паўстання 1863 г. пытанне беларускай мовы было адной з карт у калодзе і Мураўёва, і інсургентаў. Пры гэтым і ўкраінская, і беларуская мовы тады праходзілі этап фарміравання ад дыялектаў да літаратунай мовы. Гэты працэсс цягнуўся да першай паловы ХХ ст, і пачаткова рускае і польскае дваранства не ўспрымала «мужыцкія» мовы як нешта сурёзнае, вартае літаратурных шэдэўраў узроўня Пушкіна і Шэкспіра. Гэта бачна з таго, што ў ХІХ ст на дыялектах беларускай мовы пісалі лёгкія камедыі накшалт «Пінскай шляхты» (дарэчы яе вывучаюць у школе не на арыгінальным украінска-палешуцкім піджыне, а на сучаснай літаратурнай беларускай мове). Падобным чынам сёння ўспрымаюць гаворку адэсітаў: цікавае, забаўнае, арыгінальнае, але не настолькі сур'ёзнае, каб выкладаць на гэтым сапрамат у вну.
Барацьба за беларускія і ўкраінскія землі прымусіла б новы ўрад, дзе пераважная большасць лічыла б сябе палякамі, прызнаваць права на існаванне і развіццё сваёй мовы беларусаў і ўкраінцаў, разам з іншымі элементамі народнай культуры, бо лепей культурная арыгінальнасць, чым нацыянальны сепаратызм. Пры гэтым магчыма рускія маглі пайсці яшчэ далей і праз свае каналы інфармацыйнай вайны спрабавалі б пераўтварыць такі рух у барацьбу за нацыянальную незалежнасць беларусаў і ўкраінцаў як ўсходнеславянскіх народаў блізкіх мовай і культурай да рускіх, а не палякаў. Пры гэтым урад новай Рэчы Паспалітай рабіў б свае намаганні зрабіць беларускую і ўкраінскую мовы як мага больш падобнымі на польскую. Паланізмы, якімі былі напоўнены адозвы К. Каліноўскага сталі б эталонам, як і лацінка польскай мовы (сучасная беларуская лацінка, якую можна сустрэць у мінскім метро, мае прынцыповыя адрозненні ад лацінкі «Мужыцкай праўды»).
Няма падставы лічыць, што пасля перамогі паўстання 1863 г. ўсіх рускіх чакаў бы генацыд. Хутчэй за ўсё помста напаткала б тых, каго лічылі ворагам рэвалюцыі: былых вайскоўцаў, чыноўнікаў, праваслаўных святароў, але, як ужо было заўважана, былі рускія, якія пераходзілі на бок паўстанцаў, і іх маглі таксама лічыць героямі рэвалюцыі. Хутчэй за ўсё пасля хвалі смяротных пакаранняў ваеннымі трыбуналамі некаторых з ворагаў рэвалюцыі, астатніх маглі б прымусіць да эміграцыі ў Расію ці нават проста абмяняць на палонных паўстанцаў і рускіх народавольцаў (бо адроджаная Рэч Паспалітая стала б апорай усіх леварадыкальных тэрарыстычна-рэвалюцыйных суполак Расіі). Пры гэтым рускіх, якія б згаджаліся прызнаць рэвалюцыйны урад і адмаўляліся ад барацьбы з ім, маглі пакінуць як грамадзян Рэчы Паспалітай.
Да канца ХІХ ст. Рэч Паспалітая і Расія развіваліся б як капіталістычныя краіны-канкурэнты. Хутчэй за ўсё пасля страты значнай тэрыторыі ў 1860-х (Польшча, Беларусь, Украіна, Аляска) Расія б ажыццявіла значную мадэрнізацыю жыцця, што ўключала б і пераход эканомікі на капіталістычныя рэйкі, і апора дзяржавы на бізнес-клас з розначынцаў у большай ступені, чым на дваранства, і лібералізацыю грамадска-палітычнага жыцця, прычым магчыма нават з увядзеннем Канстытуцыі. Наяўнасць канкурэнцыі паміж Польшчай і Расіяй спрыяла б стварэнню даволі прывабнага інвестыцыйнага клімату і там, і там.
Альтэрнатыўная Рэч Паспалітая у барацьбе за перадзел свету і яе далейшы лёс.
У пачатку ХХ ст. буйныя і сярэднія дзяржавы Еўропы вялі актыўную барацьбу за перадзел свету. Адзін лагер узначальвалі «старыя» метраполіі Вялікабрытанія і Францыя, другі «новыя» -- Германская імперыя і Аўстра-Венгрыя. Вайна паміж канкурэнтамі была непазбежнай. Расія ўзяла курс на саюз з Вялікабрытаніяй і Францыяй. Магло быць інакш, але гаворка ідзе не пра расійскую альтэрнатыву.
У гэты час Рэч Паспалітая стаяла б перад выбарам саюзнікаў у барацьбе за свой кавалак каланіяльнага пірага. Тут магчымы абодва варыянты, але не нейтралітэт, бо рэальная Польшча 1920-30-х гг. была дзяржавай з амбіцыямі. Найбольш верагодны саюз з Францыяй, але магчымы і саюз з Германіяй. У абодвух выпадках мелі б месца інтрыгі і кулуарныя перамовы, а таксама спробы падкупіць урад краіны.
Разгледзім «германскі» варыянт. Для Рэчы Паспалітай гэта значыць вайну з Расіяй. Цяпер гэта была б вайна роўных па сіле дзяржаў. Але Першая сусветная вайна была пазіцыйнай (г.зн. «акопнай»). Прабіць абарону ворага было амаль немагчыма. А для Германіі гэта значыла яшчэ і вайну на два фронта. Хутчэй за ўсё Першая сусветная цягнулася б больш за чатыры гады, але перамога Германіі была амаль неверагоднай, бо Усходняя Прусія ўсё роўна трапіла б пад рускі агонь. Хутчэй за ўсё ўмовы мірнага пагаднення не былі б такімі неспрыяльнымі для Германіі і яе саюзнікаў. Але ўсё роўна гэта былі б значныя чалавечыя і матэрыяльныя страты з абодвух бакоў.
Пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў магчыма тэрытарыяльная анексія некаторых украінскіх і беларускіх зямель на карысць Расіі. Таксама магчыма стварэнне незалежных Беларусі і Ўкраіны ў тых ці іншых межах. Незалежнасць не была б поўнай, бо Польшча і Расія працягвалі б свае спробы кантраляваць эканамічнае і грамадска-палітычнае жыццё гэтых краін праз розныя палітычныя механізмы.
Цяпер паспрабуем разгледзіць «французскі» варыянт. Вайна была б пазіцыйнай і крывавай як і ў першым раскладзе, але Рэч Паспалітая была б сярод пераможцаў і атрымала б сваю долю анэксій і катрыбуцый, што ўключала б у сябе і калоніі альбо мандаты.
У сваю чаргу гэта значыла б і мір з Расіяй (падобны спрімірэнству адвечных ворагаў – Англіі і Францыі). Польскія ўступкі ўсходняму суседу маглі ўключаць свабоду веравызнання для Рускай Праваслаўнай царквы і магчымыя элементы самакіравання беларускіх і ўкраінскіх ваяводстваў.
Развіццё Рэчы Паспалітай пасля Першай сусветнай вайны прагназаваць даволі цяжка. Праблема ў тым, што многія фактары, ад якіх залежыла б гэта развіццё, носяць выпадковы характар. Пазбяжаць Другой сусветнай вайны было праблематычна, бо абодва лагера канкурэнтаў па перадзелу свету былі апантаны жаданнем выціснуць адзін аднаго як лімон. А прыгнёт і ганьба, якую перажылі немцы пасля паражэння ў Першай сусветнай вайне, зрабілі амаль непазбежным прыход да ўлады радыкальных нацыяналістаў. Гэта апошняя рэч, пра якую можна было б гаворыць з істотнай ступенню верагоднасці. Але на лёс Рэчы Паспалітай уплывалі б і шматлікія пераменныя фактары: Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. ў Расіі маглі не адбыцца, ў Германіі мог прыйсці да ўлады не Гітлер, а больш памяркоўны ці разважлівы нацыяналіст, прычым магчыма што і ў выніку перамогі ў грамадзянскай вайне, а не праз дэмакратычныя выбары, Расія (ці СССР) магла б мець зусім іншае развіццё без Сталіна, двухпалярная сістэма «камунізм-капіталізм» магла не скласціся і г.д.
Усе гэтыя прычыны робяць альтэрнатыўны лёс Польшчы такім шматварыянтным, што на падрабяжнае апісанне кожнай камбінацыі спатрэбілася б кніга. Зараз можна акрэсліць асноўнае. Польшчы ўжо не пагражала б доўгатэрміновая страта нацыянальнага сувярэнітэту. Яна б наўрадці стала такой эканамічна магутнай, як сучасныя Германія і Францыя, але б да яе голасу ў Еўропе прыслухоўваліся б у большай ступені чым зараз. Насельніцтва Рэчы Паспалітай было б, хутчэй за ўсё, большым за цяперашняе і больш шматнацыянальнае.
Магчымы Мінск 2013 г.
Альтэрнатыўны Мінск 2013 г. мог быць і сталіцай адносна незалежнай Беларусі, і правінцыяльным беларускім, польскім ці рускім горадам. Але хутчэй за ўсё гэта быў бы горад у якім асноўная маса насельніцтва размаўляе па-польску, магчыма некаторыя ці ўсе надпісы ў горадзе напісаны на білінгве – па-польску і па-беларуску лацінкай. Рускую мову вывучалі б як замежную, магчыма факультатыўна вывучалі б і літаратурную беларускую. Жыхарам горада былі б уласцівы больш шляхетныя і галантныя манеры паводзін, чым гэта ёсць сёння. І, безумоўна, юбілей паўстання (ці рэвалюцыі) 1863 г. адзначаўся б шматлікімі ўрачыстымі мерапрыемствамі з адкрыццём новых помнікаў Каліноўскаму і з'яўленнем новых тапанімічных назваў у яго гонар.

Андрэй Берастоўскі

Лістапад 2013 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...