понедельник, 31 марта 2014 г.

Чарга, як за айфонам


1 красавіка плата за праезд у грамадскім транспарце ў Беларусі паднімаецца на 23%. Калі аднаразавы талончык (на аўтобус) ці жэтон у метро 31 сакавіка каштаваў 3000 руб, то з 1.04 -- ўжо 3700, а за праязныя грошы трэба выкласць зусім іншыя.

Вось я і пастаяў у чарзе на ст. м. Усход ля свайго мікрараёна прыкладна з 20.20 па 21.20. Узгадаў свае дзяцінства, калі стаяў яшчэ у савецкіх чэргах за розным дэфіцытам. Асабліва памятаю, як стаяў за разліўным малаком у Пячах, якое яшчэ трэба было кіпяціць...

Чарга ў метро на абодвух канцах станцыі была прыкладна па 50 чал. Увесь час. Калі я купіў свой праязны, яна нават павялічылася на чалавек 10. Дарэчы, стаялі і днём на ўсіх станцыях, але я неяк не звярнуў увагі, бо не чуў пра павышэнне, а чэргі ля кас метро заўсёды з'яўляюцца ў канцы кожнага месяца ці ў першы дзень новага.

Нічога асаблівага не было. Чарга як чарга. Стаялі людзі, гутарылі, глядзелі штосьці на сваіх тэлефонах і планшэтах, лаялі тых, хто лез без чаргі за жэтончыкамі, бо метрапалітэнаўцы дазвалялі купляць аднаразавыя білеты і жэтоны па-за чаргой. Адна дзяўчына доўга не магла правільна прыкласці мабільнік з СМС-білетам да сканера на турнікеце, але, ўрэшце, прайшла.

Хіба беларусаў напужаеш чаргой? Іх хапае ў паліклініках, бюракратычных установах, а буднімі вечарамі і ў касах супермаркетаў. Калі некалькі месяцаў таму ў Мінск прыносілі "дары валхвоў", то жадаючыя звышнатуральнага аздараўлення стаялі чэргай даўжынёй у некалькі соцень метраў і пабілі рэкорды па колькасці ўдзельнікаў пакланення. І гэта -- негледзячы на люты мароз, які стаяў у тыя дні. Таму чарга для Беларусі -- гэта не падзея.

Але тут ёсць тэма для разважання. Калі да чаргі далучылася нейкая старая жанчына, юнак, які стаяў за мной, падкалоў яе:
--За айфонам стаім, маці!
Сапраўды, раней стаялі ў чарзе, каб дастаць проста неабходныя для жыцця тавары, цяпер стаім, каб набыць білеты на дарагі хакейны матч ці на поезд на мора, ці за айфонам. Раней цэны на хлеб павышалі на 10 капеек і мы былі незадаволены, цяпер незадаволены ростам цен на аўтамабільнае паліва.

Неяк мы з маім добрым знаёмым падлічылі, што сярод дзясяткаў нашых агульных знаёмых каля 10-15 маюць аўтамабіль. Усё больш і больш людзей маюць адначасова такія прылады для камунікацыі, як смартфон, планшэт, ноўтбук і стацыянарны камп'ютар. Калі я працаваў выкладчыкам, я быў амаль адзіным мужыком на кожнай кафедры, дзе даводзілася працаваць, бо выкладчыцкая работа традыцыйна лічыцца жаночай: каб зарабляць дадатковыя грошы ў сям'ю, пры тым што мужык здабывае асноўныя. Зразумела, хапае адзінокіх жаншчын, для якіх гэты заробак --асноўны. Але большасць маіх калег-выкладчыкаў ніколі не былі задаволены зарплатай, хоць яна ў краіне не самая нізкая.

Не ведаю наколькі добра я жыву ў матэрыяльным сэнсе. Колькі не спрабаваў падлічыць усе свае паступленні і расходы -- не атрымоўваецца, бо не магу падлічыць у грошах, колькі нам дае харчавання цёшча з дачы, а мой уласны заробак нестабілен. Я не ганяюся за тэхнічнымі навінкамі і не будую жыллё, але шмат грошай уходзіць на лячэнне сыноў, у якіх ёсць невялічкія нюансы па развіццю. Сумленна кажучы, агульны ўзровень беларускай медыцыны вышэй за ўкраінскі і расійскі, але калі ў цябе ёсць нейкая рэдкая спецыфіка, прыходзіцца шукаць прыватнай меддапамогі. Вось праз гэта ўсё і не ведаю: я сацыяльна належу да бедных ці да малога сярэдняга класу. Хутчэй за ўсё апошняе.

Мая прафесійная хвароба -- зацяты рэалізм. Час ад часу я незадаволены тым, колькі падаткаў мушу плаціць, што растуць цэны хутчэй за мой даход, але я разумею, што гэта залежыць ад такой колькасці ўмоў, што і не пералічыш на пальцах рук і ног, і скардзіцца не мае сэнсу. Яшчэ я разумею, што жыву ў нейкі асаблівы гістарычны момант, які пазней абавязкова назавуць эпохай Лукашэнкі (па аналогіі з эпохай Брэжнева) альбо, магчыма, эпохай сацыяльна-рынкавай эканомікі. І магчыма ізноў будзе настальгія па добрым мінулым часам, калі вось так міла стаялі за айфонамі ці праязнымі на метро. Ізноў будзе персаніфікацыя гісторыі накшалт "а якія плаўленыя сыркі былі пры Брэжневе", "а гэты здраднік Гарбачоў разваліў СССР", як быццам гісторыю піша кіраўнік дзяржавы, а мы толькі назіраем за яе рухам.  І хацелася б захаваць цвярозы розум, каб зразумець усебакова гэты час і захаваць яго ў памяці якім ён сапраўды быў, а не здаваўся.

четверг, 20 марта 2014 г.

Фотасесія вуліцы Мележа ў Мінску.

У Мінску ёсць невялічкая вуліца, названая ў гонар вядомага беларускага пісьменніка І. Мележа. Яна пачынаецца ад скрыжавання вул. Я.Коласа там, дзе апошняя пераходзіць у Лагойскі тракт і Валгаградскай. Потым яна перпендыкулярна перасякае вул. Усходнюю і даходзіць да вул. Л. Бяды, дзе ёй насустрач ідзе Меліаратыўны завулак.

Цяпер, у 2014 г., гэта вуліца ўяўляе сабой спалучэнне дзелавых шматпавярховых дамоў па няцотнаму баку і адной амаль суцэльнай сцяны жылых дамоў (№№ 2 і 4) на цотным баку. Многія будынкі былі ўзведзены адносна нядаўна, хоць сама вуліца існуе не адно дзясяцігоддзе. Частка дамоў на гэтай вуліцы належыць суседнім вуліцам -- Лагойскаму тракту, Я. Коласа і Л. Бяды.


 Міліцэйскі ўчастак і юрыдычная кансультацыя на Мележа 2

 Алея ля цотных дамоў вул.Мележа

 Бізнес-цэнтр "Парус". Мележа 1

 Кафэ "Тэра Піца" ў тым жа будынку



 "Тыл" "Паруса"

 У гэтым бізнес-цэнтры працуюць не толькі камерцыйныя арганізацыі.


 Гэта ўсё "Парус"

 Цэнтральны ўваход у бізнес-цэнтр.

 Від на "Парус" з боку вул. Усходняй





 Мележа 1а -- бізнес-цэнтр і паркінг

 Уваход у "Дзяржстандарт" на Мележа 3

 Такія ліхтары ўжо не шмат дзе захаваліся ў Мінску...

 На адной вуліцы цэклікі з назвай вуліцы то па-руску, то па-беларуску...

 Мележа 3. Від з паркоўкі.


 Магазін на Мележа 3. Від з Усходняй.

 "Дзяржстандарт". Від з боку празнай часткі вул. Мележа.



 Гэта мемарыяльная дошка на Мележа 4 звязвае мінулае і сучаснасць. Думаю, што раней тут стаялі невялікія дамы на 2-8 кватэр. Дарэчы кветкі ля дошкі штучныя...

 Вось побач з мемарыяльнай дошкай яшчэ адзін напамін аб мінулым.

 Від на бізнес-цэнтр па Мележа 5/2 і яшчэ адзін паркінг з вул. Усходняй

 Мележа 5/1 Від з Усходняй.

 Паркінг на Усходняй, які злучае Мележа 5/1 і 5/2

 Згодна гэтай рэкламы забудова вул Мележа працягваецца.

 Будоўля побач з Мележа 5/1

 Унутраны двор Мележа 5. Від на корпус 2

 Той жа унутраны двор. Адгалінаванне будынка Мележа 5/1

 Від з офіса на 6 пав. бізнес-цэнтра на Мележа 5/2 на унутраны двор суседняй забудовы (апошняя адносіцца да Усходняй)

 Від на Мележа 5/2 з вул. Усходняй


 Жылы дом ля вул. Бяды. Мяркуючы па карце, мусіць быць Мележа 5/3

 Спецыяльная пляцоўка для "сабачнікаў" ля праезнай часткі вуліцы Мележа недалек ад перасячэння з Усходняй.
Маладыя дрэвы на вуліцы -- перспектыўны міні-парк. Дарэчы, ў левым кутку на фоне дома №2 можна ўбачыць і маленькую дзіцячую пляцоўку.

Пройдзе час. Штосьці зменіцца на гэтай вуліцы... Калі я шукаў пра яе матэрыялы, ніякіх фотаздымкаў у Інтэрнеце не было. А, як бачым, і маленькія вулачкі вялікіх гарадоў робяць свой унёсак у гісторыю.

Фотасэсія адбылася 20.03.2014 г. Аўтар фотаматэрыялаў Андрэй Берастоўскі

четверг, 13 марта 2014 г.

"Свіная" эпідэмія 2009-10 гг.

Я пачынаю раздзел "Каб не забыць". Яго мэта -- запісаць уласныя ўспаміны пра падзеі, сведкамі якіх я быў сам. Большая частка зместу пастоў пад гэтым ярлыком будзе складацца з фактычнай інфармацыі, амаль без якой-небудзь спробы даць ацэнку ці пракаментаваць падзеі мінулага. У кожнага чытача ёсць права самастойна ацаніць мінулае, і я буду імкнуцца не падштурхоўваць яго да той ці іншай высновы.

Навошта пісаць мемуары, калі табе толькі 35 гадоў і ніякага асаблівага дачынення да апісаных падзей ты не маеш? Справа тут у тым, што жыццё пасля 30 так разганяецца, што мінулае пачынае злівацца ў адну "кашу", дзе праз некалькі дзясяцігоддзяў ужо не памятаеш дакладна ці так гэта было і калі гэта было. Да таго ж на памяць негатыўна ўздзейчаюць трактоўкі гэтых падзеяў, якія робяць фокус на адных дэталях рэчаіснасці за кошт нейкіх іншых істотных момантаў. Прычым гэта могуць быць як трактоўкі іншых людзей, так і твае ўласныя: чым больш ты паўтараў людзям свае разуменне дадзенай праблемы і сваі адносіны да той ці іншай падзеі, тым больш гэтыя падзеі і праблемы запаміналіся пад пэўным пунктам гледжання.

Таму хай чытачы не здзіўляюцца таму, што я буду пісаць розныя малаістотныя дробязі: як гісторык і чытач мемуараў ведаю -- менавіта гэтыя дробязі могуць быць ключом да стварэння цэльнай панарамы падзеі ў гісторыі. Не раз такія дробязі дапамагалі мне ўбачыць мінулае ясней і зразумець ролю асобнай падзеі ва ўсім працэсе сусветнай гісторыі.

Свае мемуары я пішу па-беларуску, але гэта не значыць, што ўсе размовы адбыліся на гэтай мове. Я не спрабую зрабіць ураджанне аб тым, што ў Беларусі ўсе гавораць па-беларуску ў пабытовых сітуацыях. Але там, дзе не бачу патрэбы перадаць тое ці іншае выказванне літаральна на, маўляў, рускай, англійскай ці французскай мове, я захаваю яго ў беларускім перакладзе.

***
Навіна

Аб эпідэміі мы з жонкай даведаліся, здаецца, ў лістападзе 2009 г. Нам аб гэтым сказала малазнаёмая жаншчына, якая прыватным чынам рабіла масаж нашаму першаму сыну (яму было некалькі месяцаў). Здаецца, цюбік аксалінавай мазі ў нас ужо быў. Вырашылі для прафілактыкі, што я пасля прыходу дадому з работы (я працаваў у мінскім Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці) буду абавязкова паласкаць рот гарэлкай. У маім рацыёне таксама часцей з'яўляліся часнок з салам.

Даведацца пра якія-небудзь падрабязнасці праз знаёмых медыкаў мы не здолелі, бо звычайна ішла спасылка аб немагчымасці распаўсюджваць падробную інфармацыю. Зразумела і што адзін чалавек не здольны ўбачыць увесь масштаб эпідэміі.

Дэфіцыт

Даволі хутка ў аптэках знік аксалін і медыцынскія маскі. Аксалінавую мазь пачалі прадаваць па 1-2 цюбіка ў адны рукі. На некаторых аптэках вісеў цэклік "аксаліну няма" або "масак няма". Па тэлевізару паказвалі як некаторыя прадпрыемствы пачалі шыць маскі.

Памятаю, як ў аптэцы ля метро "Пралетарская" я стаяў у адносна невялікай чарзе. Падышоў мужык гадоў 50-60, "пад мухай". І кажа:
-- А я вось толькі што з Навасадаў прыехаў. Дык там у нашай калоніі ніхто не хварэў і ніякай эпідэміі не было!
-- Вось і файна, -- кажу яму ў адказ, -- віншую з выхадам на волю! І паціснуў яго працягнутую да мяне руку.

Маска, я Вас ведаю!

Сваю першую маску я атрымаў ад двух студэнтаў-маркетолагаў Андрэя Валенды і Андрэя Кузняцова. Па блату. Падарылі падчас пары англійскай. Адразу яе надзеў.

У сваім інстытуце я быў амаль адзіным выкладчыкам, які пастаянна насіў маску. Час ад часу ў мяне пыталіся калегі навошта яна мне.
-- У мяне дома маленькі сын, і калі б трэба было, я б намазаў на твар свіныя какашкі.

Але на вуліцы ці ў метро можна было сустрэць шмат людзей у масках. Некаторыя нават курылі не здымаючы яе.

Сярод маіх студэнтаў таксама некалькі чалавек насілі маскі. Адзін з студэнтаў-перакладчыкаў неяк надзеў сваю маску на лысіну (а ён рэгулярна галіў галаву). Я падкалываюсь з яго:
-- Містэр такі-і-такі, надзеньце сваю маску на твар, бо інакш мне будзе Вас не хапаць.
Многія засмяяліся, а яго сяброўка, якая сур'ёзна ставілася да прыкмет і забабонаў, а таксама мела даволі гарачы характар, абурылася:
-- Як Вы можаце такое казаць!

Сапраўды, смерць была неяк побач. Ніхто з маіх знаёмых не памёр ад "свінячага" грыпу. Былі тыя, хто цяжка хварэў сярод маіх студэнтаў, але ніхто не памёр. Тым не меньш, было разуменне, што смерць дзесьці недалёка, і нябачны вірус можа дачапіцца да кожнага. Таму я ніколькі не злаваўся на тую дзяўчыну.

Дарэчы, пасля першай маскі, фабрычнай, у мяне была яшчэ адна, якую з марлі мне пашыла жонка. Я занасіў яе да дзір, бо панасіўшы дзень я праў яе ў ракавіне з мылам і клаў сушыцца на батарэю там жа. А на наступны дзень чапляў яе на твар ізноў. (А працаваў я ў той год нярэдка з ранку да вечара, бо меў 1,5 стаўкі выкладчыка) Здаецца, ў мяне было нават дзве самаробных маскі, але дакладна не памятаю. Памятаю толькі, што мой твар быў часта гарачы і мокры ад той марлявай маскі. А аднойчы, ўжо на сыходзе эпідэміі, я бег з каляскай дадому, бо сын прачнуўся падчас прагулкі, і думаў, што добра, што я не ў працівагазе.

Эзатэрык

Сярод той жа самай групы перакладчыкаў быў адзін студэнт, які лічыў сябе эзатэрыкам. Некаторыя думалі, што ён сатаніст, але Сатане ён не пакланяўся. Тым не меньш, ад астатняй групы гэты юнак вельмі адрозніваўся.

Мы з ім мелі даволі супрацьлеглыя погляды на многае, але пры гэтым паміж намі ўсталявалася нейкае ўзаемаразуменне, асабліва ў плане разумення жартаў.

Аднойчы эзатэрык уваходзіць у аўдыторыю перад заняткам, сумна паглядзеў як я сяджу за настаўніцкім сталом у сваёй масцы і казаў з глыбокім пачуццём горычы:
-- Яшчэ жывы.
-- Не дачакаецеся, -- адгукнуўся з смехам я, бо палічыў гэта кпінай у свой бок.
-- Дык я ж пра сябе, а не пра Вас, -- адказаў эзатэрык з тым жа смуткам. Сапраўды ў гэты час ён меў сур'ёзныя праблемы ў сям'і, што рабіла свой адбітак на яго манеры паводзін.

Аднойчы я паўжартам казаў групе, што ў сувязі з масавай смяротнасцю падчас эпідэміі я дазваляю ім умерана ўжываць алкаголь перад заняткамі. Эзатэрык так і зрабіў, але ад яго не пахла.

Аднойчы я распавядаў прыкол, як адна настаўніца смяялася з блытанага тлумачэння аднаго вучня і прыкрывала ўсмешку класным журналам.
--Тады гэтага не было, --дадаў я і паказаў на сваю маску.

Эзатэрык падняў угару вялікі палец: удалы жарт.

У гэты час многія верылі, што эпідэмія зацягнецца надоўга...

Падчас эпідэміі, як і да яе эзатэрык фліртаваў з смерцю, кпіў з яе. Але эпідэмія яго зачапіла. Хварэў доўга і цяжка, але выжыў. Пасля гэтага яго адлічылі за шматлікія прагулы заняткаў. Больш у ІПД ён не вяртаўся.

Крыўда ў чарзе.

Я стаяў у доўгай чарзе ў аптэцы ля метро "Аўтазаводская" ў 5 хвілінах ходу ад ДК МАЗ. Чарга доўгая, чалавек 15. У мяне "фортачка" -- доўгі перапынак паміж заняткамі, і я мушу затарыцца лекамі для дзеда (яму тады было 81 год), а тут яшчэ і аксалін даюць па 2 цюбіка на рукі. Перад мной адзін стары чалавек (прыкладна за 60) стаіць за аксалінам, усім кажа, што нядаўна ад эпідэміі памёр яго сын. Потым становіцца ў хвост чаргі ізноў, каб набраць яшчэ аксаліну. Я даю аптэкарцы доўгі ліст лекаў, яна хвілін 5-10 абслугоўвае мяне, чыркае ў маёй паперцы што ёсць і чаго няма. Той мужчына не вытрымлівае і пачынае лаяць мяне:
-- Вы там, малады чалавек, усю аптэку збіраецеся купіць!

У чарзе гул ухвалення, мо, дасталі тыя маладыя, усё ім трэба штосьці. Я пачынаю злавацца сам. Як толькі я разлічыўся за лекі, я накіроўваюся да мужыка і сую яму адзін з двух набытых аксалінаў:
-- На, трымайце дарам! Вы тут казалі, што ў Вас сын памёр, дык трымайце!
-- Адкуль Вы ведаеце, што ў мяне сын памёр? -- крыху збянтэжыўся ён.
-- Вы самі казалі. Дык бярыце аксалін, я Вам так аддаю. Каб не думалі, што ўсе маладыя людзі крутыя бізнесмены. Вы што думаеце, што калі Вы старэйш за нас, то мы ўжо не людзі!

Я не крычаў, але гаворыў даволі рэзка. Мужчына ўжо забыў пра мяне і не чакаў такой рэакцыі.
-- Малады чалавек, да Вас я прэтэнзій не маю, -- паўтарыў ён двойчы, -- Мне не патрэбен Ваш аксалін.

Я выйшаў з аптэкі і яшчэ некаторы час адчуваў злосць і крыўду. Да гэтага я хацеў падзяліцца з ім думкай пра біблейскую надзею на ўваскрэшанне памерлых, калі б атрымалася пагаварыць з ім, але мой выбух злосці і гэтая пустая крыўда ўсяму перашкодзілі.

Прышчэпка

Ужо не памятаю, ці было гэта падчас "свіной" эпідэміі... Неяк наш знаёмы, які працаваў настаўнікам у нашым Першамайскім раёне Мінска праходзіў вакцынацыю крутой французскай вакцынай. Адна ампула была разлічана на некалькіх чалавек, захаваць яе дольш за некалькі гадзін пасля распячатавання было немагчыма, і я прыладкаваўся да яго. Хіба я не настаўнік, хіба не з Першамайскага раёна? Медсястра пажурылася, але торкнула і мне ўкол.

Увогуле эпідэмія зусім абмінула мяне, хоць я, напрыклад, вітаўся за руку з сваім хворым студэнтам. Дарэчы, жонка прасіла, каб я ні з кім за руку не вітаўся, але я адмовіўся: для мяне гэта было немагчымым хамствам. Але ў гэты час многія знаёмыя самі адмаўляліся вітацца за руку па прычыне эпідэміі.

Прастава.

Калі эпідэмія скончылася, я купіў сваім маркетолагам Валендзе і Кузняцову бутэльку бальзаму. Пасля заканчэння пары я папрасіў іх затрымацца. А яны былі яшчэ тыя гарэзнікі і як раз схапілі ад мяне адпрацоўку за паводзіны. Я патлумачыў ім сутнасць задання па адпрацоўцы, а потым працягнуў ім пакет з бутэлькай:
-- Гэта  Вам. Калі б не Ваша маска, мой сын мог памерці. Бо  выкладчыкі ў нашай краіне -- не людзі, і таму на мне ўсё як на  тым сабаке зажывае. А сын яшчэ маленькі... Тут столькі чалавек перамерла: ў каго брат, у каго сват... Так што гэта Вам... Не як выкладчык студэнтам, а як мужык мужыкам. Вось мая падзяка. Гэта бальзам. Ён грузіць як гарэлка, але п'ецца мягчэй.
-- Мы б з Вамі гэта выпілі.
-- Не, гэта Вам. Толькі спажывіце гэта па-за межамі нашай "багадзельні".

Браты, сваты і "фінты".

У Жванецкага ёсць пародыя на савецкага чалавека. Там ён кажа: "Што аварыя адбылася -- веру. Што 20 чалавек загінула -- не веру. Мала!" Многія былыя грамадзяне СССР вераць, што масштабы кожнай трагедыі дзяржава абавязкова заніжае. Бо не разумеюць значэнне лічбаў.

Звычайна я не веру ў завышаныя народам лічбы. І ў гэтым выпадку не магу пагадзіцца, што "свінскі" грып знішчыў тысячы беларусаў. Бо тады б у кожным мінскім двары выносілі закрытую труну. Але зразумела, што афіцыйная статыстыка таксама не пасуе да рэальнасці таго часу.
Сцвярджаюць, што ў 7 з 21 чал., памершых ад пнеўманіі знайшлі вірус свінога грыпу. Нельга сказаць, што гэта падман. Але гаворка ідзе пра анатаміраванных у пэўны час. А колькі памерлых засталося па-за межамі гэтых крытэрыяў? Колькі памерла не ад пнеўманіі, а ад іншых ускладненняў грыпу? Колькі людзей памерлі не ад свінога грыпу, а ад іншых рэспіраторных вірусаў? Ці былі нейкія маніпуляцыі з статыстыкай?

Не ведаю. Мы з жонкай чулі прыкладна пра 3-4 выпадка ў Мінску, і праверыць кожны з іх цяжка. Магчыма, памерлі некалькі дзясяткаў чалавек у Мінску і некалькі соцень па ўсёй краіне. Столькі і памірае штодзень без усялякіх эпідэмій, таму я і сустракаў скептыкаў, якія верылі, што масавых смярцей няма, бо самі іх не бачылі. Але дай Бог, каб яны не ведалі, што такое баяцца згубіць дзіця, якое нарадзілася з такімі цяжкасцямі...

понедельник, 10 марта 2014 г.

Такія розныя людзі...

У мінулым годзе я выкладаў англійскую на ФМА БДУ. Сярод маіх студэнтаў -- шматлікія грамадзяне Туркменістана. Адзін з іх сабраў у мяне "калекцыю" адпрацовак за гульню з тэлефонам, пропускі заняткаў і спазненні. На заліку, калі зразумеў, што можа яго не атрымаць, ён крычыць мне:
-- Я магу разбіць ваш камп'ютар і купіць вам два новых!
Гэта ён яшчэ адчуваў сябе каралём. З трэцяй спробы ён здаў залік пад сумленнае слова, што альбо даробіць адпрацоўкі да першага занятку наступнага семестра альбо ён больш не мужык і прыйдзе на пару ў жаночым адзенні. Пасля гэтага абяцання ён паскардзіўся на мае самадурства загадчыку кафедры і паціху перавёўся ў іншую групу. Там настаўніца англійскай ужо дазволіла яму гуляць з тэлефонам і рабіць, што ён хоча абы ціха было.
Такіх студэнтаў як ён у мяне хапала. (Гл. пост А Вы адчуваеце сябе расістам?) І я пішу гэтыя радкі каб ізноў падкрэсліць тое, што ўжо пісаў: праблема дрэнных паводзін маіх туркменскіх студэнтаў не ў іх нацыянальнасці, а ў тым, што ім далі зразумець, што так можна сябе паводзіць. У Беларусі вераць у сілу блата і сувязяў, а таксама ў слабасць закона, таму многія выкладчыкі і адміністратары вну дазваляюць недавыхаваным хуліганам рабіць, што ў галаву прыйдзе. А гэта не толькі ганьба ўсёй сістэмы адукацыі краіны, але яшчэ і патурэнне расізму.
У тым жа вну я доўга спрабаваў пераканаць беларускіх студэнтаў, што хуліганы з Туркменістана не прадстаўляюць народ гэтай краіны. Але, здаецца, расізму ад гэтага не паменшылася, хоць да боек справа амаль не даходзіць.
І вось яшчэ адна гісторыя высакародных і ганебных паводзін. Спадзяюся, што яна хоць каго-небудзь пераканае не судзіць чалавека па нацыянальнасці.
Адзін студэнт з Афрыкі вучыцца на медыка ў Беларусі. Спачатку яго бацька плаціць за навучанне і адміністрацыя вну дабразычліва ставіцца да яго. Раптам яго бацька памірае, і ў афрыканца няма чым плаціць за навучанне і няма на што жыць. Праз некаторы час гэта становіцца зразумелым адміністратарам вну, і прымаецца рашэнне адлічыць хлопца, хоць ён вучыўся добра і не быў хуліганам, і адначасова выселіць яго з інтэрната. Афрыканец уладкаваўся працаваць у аднаго беларускага бізнесмена, які, зразумеўшы яго бяду, аплаціў яго навучанне, і той здолеў вучыцца далей.
Як бачым, тыя, хто гатовы сёння дараваць шматлікія парушэнні дысцыпліны студэнтам-багацеям, першымі кідаюць у іх каменні, калі тыя бяднеюць. Шкада толькі, што многія ветлівыя і старанныя туркменскія студэнты беларускіх вну потым робяцца аб'ектам нянавісці "талерантных" беларусаў.