10.04.2014

Тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 г.

Я не быў на месцы здарэння, калі адбыўся самы вядомы пакуль у Беларусі тэракт, але мае ўспаміны аб гэтай падзеі могуць каму-небудзь дапамагчы скласці поўную гістарычную панараму трагэдыі 11 красавіка 2011 г. Пастараюся перадаць дэталі таго, што памятаю, як мага дакладней.
Перад выбухам
Я працаваў выкладчыкам англійскай і перакладчых дысцыплін у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэты дзень у мяне павінна была быць адна пара англійскай з 17.00 па 18.20 на сёмым паверсе. Я прыйшоў загадзя, але ніхто з маіх "турыстаў" на пару так і не з'явіўся.
А справа была ў тым, што ўвосень 2010 г. знешняя камісія праверыла гэты 3-і курс спецыяльнасці "турысцкая дзейнасць" і вынесла вердыкт: закрыць яе па прычыне недастатковай кампетэнтнасці навучэнцаў. Паляцелі галовы, мая загкафедрай В. Г. Захарава была знята з пасады (але пакінута ў вну як прафесар). Спрабавалі і мне "шыць справу" за тое што на 2-м курсе я карыстаўся не прадугледжаным праграмай падручнікам і дазваляў розныя адступленні ад праграмы ў іншых групах, але на атэстацыі нашай кафедры я адказаў, што дзейнічаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі рынка працы, ў прыватнасці агенцтваў па перакладу, і мяне пакінулі непакарным. Было вырашана размеркаваць "турыстаў" 1-3 курсаў на іншыя спецыяльнасці, і мае трэццякурснікі згадзіліся перайсці на аналагічную спецыяльнасць на завочку ў верасні 2011 г. І напярэдадні гэтага масава пачалі шукаць работу. 2-3 афіцыйна атрымалі дазвол дэканата на індывідуальны графік заняткаў, а астатнія проста папрасілі мяне дазволіць ім хадзіць на работу і прыходзіць толькі на некаторыя заняткі пры ўмове, што ўсе робяць тыя ж практыкаванні дома і 2-3 чалавека абавязкова прысутнічаюць на кожным занятку.
Я патэлефанаваў адной з студэнтак і папрасіў каб хто-небудзь прыйшоў на пару. Яна адзванілася праз некалькі хвілін і сказала, што ніхто з тых, каму яна дазванілася, не можа прыйсці і яе саму з работы не адпускаюць. Сітуацыя была няпростай. Кожную хвіліну з пятага паверха з праверкай маглі падняцца дэкан ці намдэкана. Першае было горш, другое крыху лепш, бо намдэкана наглядала ў той час за нашай кафедрай замест змешчанай В.Г. Захаравай і ёй было лягчэй патлумачыць сітуацыю, хоць і самому дэкану пры ўсёй яго звонкавай суровасці можна было растлумачыць усё, як гэта было ў некаторых іншых праблемных сітуацыях. Але ўсё роўна атрымаць ад начальства "шышкі" за няяўку студэнтаў не хацелася.
Я пачакаў да 17.20. Калі б у мяне тады быў партатыўны камп'ютар, я б заняўся пісанінай, якой заўсёды хапала, але камп'ютар ў біібліятэцы быў недаступны з 17.00, калі яна зачынялася. Проста сядзець у аўдыторыі і разбіраць свае паперкі абрыдла, і я махнуў рукой на магчымыя "санкцыі" начальства і пайшоў дадому.
На вуліцы быў прыгожы цёплы красавіцкі вечар. Магчыма мае прагульшчыкі не столькі сядзелі па офісах, сколькі гулялі па сонечным вуліцах, але хіба гэта праверыш? У метро я хутка даехаў да "Кастрычніцкай", а адтуль і да свайго "Усходу". Заўсёды гэта займала каля 20 хвілін, таму калі на "Кастрычніцкай" выбухнула, я ўжо купляў адаптар для свайго камп'ютара ў краме ля станцыі метро.
Пасля выбуху.
У пачатку сёмай гадзіны мне на гарадскі тэлефон з Барысава пазваніла мама:
-- Сынок, з табой усё ў парадку?
-- Так, усё нармальна.
-- На "Кастрычніцкай" быў выбух, хтосьці загінуў, толькі што перадавалі навіны. Я так хвалявалася за цябе -- і маці заплакала.
Мы з жонкай уключылі навіны. Гаворылася пра магчымы тэракт, што дакладна вядома пра аднаго загінуўшага пры выбуху. Але інфармацыі было не шмат.
Патэлефанаваў знаёмы з нашай рэлігійнай абшчыны. Пацікавіўся ці ўсё добра з намі. Трэба зазначыць, што ў нашай абшчыне ёсць наладжаная сувязь узаемнай дапамогі: калі адбываюцца надзвычайныя здарэнні, за некаторымі людзьмі размеркавана па некалькі тэлефонных нумароў, дзякучы чаму атрымоўваецца хутка абзваніць усіх, папярэдзіць па які-небудзь ураган ці даведацца каму патрэбна дапамога. Вось я і абзваніў людзей, якія былі ў маім спісе. Ніхто з іх не пацярпеў. (Пазней я даведаўся, што адна мая знаёмая была сур'ёзна паранена ў нагу і год не магла хадзіць, а дзве мае студэнткі-перакладчыцы наглыталіся дыму і некалькі тыдняў ляжалі ў бальніцы). Памятаю, што аператар МТС дрэнна працаваў у той вечар, а Вэлком нармальна, але асноўная частка людзей з майго спісу была на МТСе, таму па перагружанай лініі было цяжка дазваніцца.
Наступны дзень.
Наступным ранкам, як і пасля выбуху, метро не працавала. Мне трэба было ехаць на пару да 13.00. Вырашыў паехаць аўтобусамі ў 12.00. Купіў талончыкі, бо звычайна наземным транспартам не карыстаўся і меў праязны толькі на метро. Толькі ў аўтобусе я пацягнуўся да кампосцера з талонам, як адзін мужчына апярэдзіў:
-- Не трэба, праезд бясплатны.
-- Ну дык добра, -- падумаў я -- хоць не губляю грошы.
Калі аўтобус праходзіў ля Нацыянальнай бібліятэкі, я заўважыў, што ля рэстарана "Мегаполіс" ў будынку Бібліятэкі стаіць "хуткая дапамога". Я не памятаю, ці гаварыў хто-небудзь, што непадалёк на Маскоўскім аўтавакзале адбыўся новы выбух, але чамусьці складалася ўраджанне, што так і было. Тым не меньш, ніякіх прызнакаў гэтага не было бачна на аўтавакзале з боку праспекта Незалежнасці.
На плошчы Перамогі я перасеў на 18 аўтобус. Звычайна, гэты маршрут мае асацыяцыю ў мінчан з псіхбальніцай у Навінках, але мне трэба было на яго супрацьлеглы канцавы пункт: чыгуначная станцыя "Мінск-Усходні". Калі ехаў, была адна думка: магу спазніцца, бо дрэнна падлічыў час на дарогу. Але суцяшаў сябе, што тэракт спіша маё спазненне, і начальства мне не прапіша іжыцу за гэта.
У аўтобусе адна жаншчына гадоў 50 громка заяўляла (па руску):
-- Гэты тэракт зрабіў Лукашэнка і яго банда!
Дарэчы, ніхто не спрачаўся з ёй і не спрабаваў яе затрымаць і выклікаць міліцыю. Яна спакойна выйшла на сваім прыпынку.
На канцавым я хуценька пабег на пешаходны мост праз чыгунку. У мяне заставалася хвілін 5 да пары. Пакуль бег па мосціку была думка, што жыццё перастае быць манатонным. Як бы гэта цынічна не было, але той факт, што дзесьці побач небяспека і грымяць выбухі, рабіў жыццё больш цікавым. Ва ўсялякім разе страх і разгубленасць я не адчуваў увогуле.
З мосціка да майго вну на вуліцы Серафімовіча было рукой падаць і за тры хвіліны да пары я ўжо быў ля дошкі раскладу заняткаў на пятым паверсе. Тут стаялі некалькі студэнтаў-перакладчыкаў, якім я калісьці выкладаў.
-- Андрэй Валер'евіч, што гэта адбываецца? -- разгублена запытала адна з іх, Алена Шчукіна.
-- Здаецца, быў выбух яшчэ і на Маскоўскім аўтавакзале, -- адказаў я.
Мы пагаварылі яшчэ пару хвілін. Я спазняўся, але трэба было неяк падбадзёрыць сваіх былых студэнтаў. Потым зайшоў у сваю аўдыторыю, здаецца, на тым жа паверсе.
--Дзякуй Богу! -- з палёгкай казала адна з студэнтак, калі я зайшоў.
Я, здаецца, штосьці пажартаваў у адказ. Мы пачалі пару, але час ад часу вярталіся да тэракта. Я ўсё думаў, ці сапраўды ўзарвалі Маскоўскі вакзал, выйшаў на хвіліну і патэлефанаваў жонцы, якая сядзела дома ў дэкрэце з нашым старэйшым сынам
-- Нічога такога не чула, -- адказала яна.
Пазней у той дзень яна сапраўды пабачыла надзвычайнае здарэнне і патэлефанавала мне: на яе вачах маленькага хлопчыка ў суседнім двары збіў аўтамабіль і цяжка параніў яго.
Не памятаю, ці пачалася мая другая пара ў 14.30 альбо ў 15.00 бо не памятаю, калі ў інстытуце ўвялі вялікі перапынак. Як бы тое не было але першай на пару прыйшла дзяўчына з дрэдлокамі (не памятаю яе імя, можа, Таццяна) і казала з усмешкай:
-- Зараз ехала на метро, дык амаль нікога ў вагонах няма.
Метро сапраўды працавала, і дамоў я ехаў з большым камфортам. Толькі ўваход на кожную станцыю ахоўвала міліцыя, нават 1-2 аўтаматчыка. Ішоў суцэльны дагляд рэчаў кожнага пасажыра і праход праз металашукальнік ці агляд з ручным металашукальнікам. Гэта стала рэаліяй метрапалітэна на некалькі дзён. Потым праверкі сталі выбарачнымі, але з гэтага часу міліцыя дзяжурыла на ўсіх масавых мерапрыемствах, а на кожнай станцыі метро стаіць чалавек з ручным металашукальнікам і правам даглядаць рэчы падазроных пасажыраў. Таксама яшчэ некалькі тыдняў не працавала Кастрычніцкая (але ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці хадзіў спецыяльны аўтобус і я хутка дабіраўся да другой лініі метро) і некаторы час на ўсіх станцыях адсутнічалі лаўкі (каб ніхто не падклаў новую бомбу).
Жыццё пасля атакі на метро.
Я заўсёды ведаў, што Беларусь мірная краіна да пары да часу, і тэракты ў Мінску ў 2008 і 2011 гг. мяне не здзівілі. Але для некаторых гэта стала сапраўдным шокам. Я ведаў двух розных маладых людзей, якія баяліся ездзіць на метро пасля выбуху, хоць падас яго там не былі. (Здаецца адзін з іх потым карыстаўся метрапалітэнам)
Не магу не пракаментаваць наконт так званых рэпрэсій супраць прыватных вну, бо ІПД быў адзін з іх. Справа ў тым, што сяброўка галоўных фігурантаў справы аб тэракце была студэнткай прыватнага вну і прэзідэнт Беларусі загадаў правесці праверку дзейнасці ўсіх прыватных інстытутаў і ўніверсітэтаў краіны.
Магу сказаць адразу, што закруціць гайкі больш, чым было закручана, начальства проста не магло. Знешнія праверкі? А нам і ўнутраных хапала па горла. Не выходзіць з аўдыторыі падчас пары, нават у туалет? Гэта заўжды патрабавалі. Не курыць на тэрыторыі вну і побач з ім? І гэта заўжды патрабавалі. Пагроза закрыцця інстытута? Ёй даўно ўжо пужалі.
Жорсткія ўмовы працы былі, на мой погляд, звязаны не столькі з спробамі ўрада разбрацца з вну сколькі з унутранай палітыкай самога інстытута. І апошняя караніліася не ў ідэалогіі, а ў камерцыі: калі падначалены кругом вінаваты (а хто хоць раз не спазняўся на пару ці не хадзіў пісаць падчас заняткаў?), яго лягчэй прымусіць штосьці зрабіць, напрыклад, наша кафедра, ў тым ліку Ваш пакорны слуга, бясплатна перакладала дакументы для дэканата і рэктарата. Таксама заўжды вінаватага лягчэй пазбавіць прэміі або не заплаціць за дадатковую работу. Памятаю, як увесь час меў праблемы з аплатай звышурочных гадзін, бо за пераэкзаміноўку студэнта мне палагаліся дадатковыя 0,4 акадэмічнай гадзіны, а за паўторнае прыняцце заліка -- 0,3. Адна гадзіна пагадзінкі каштавала 10000 руб. І за кожнага студэнта так атрымоўваецца 3-4 тыс. Але табе іх не даюць, бо 5-7 гадзін -- гэта мала, каб паперу пераводзіць, а яшчэ трэба сабраць подпісы і ўсё распісаць як трэба ў трох экземплярах. У 2011-12 навуч. годзе я сабраў 7 гадзін такіх пераэкзаменовак, прынёс роднаму вну, па маіх падліках да 500 тыс. рублёў і атрымаў па шыі за тое, што ў адной групе завочнікаў непадрыхтаваных студэнтаў аказалася 12 з 16, і яны атрымалі "незалік". Вось іду афармляць "трафей" у вучэбна-метадычны аддзел.
-- Навошта пераводзіць паперу на такую невялікую колькасць гадзін? -- незадаволена пытаецца загадчыца аддзела.
-- А можна я тады пару прагуляю? -- з кпінай пытаюся ў адказ.
-- Добра, заплацім Вам, -- адказала яна, паглядзеўшы ў мае дзерзкія вочы. І заплацілі. А многім такі адказ пра паперу быў дастатковым, і іх грошыкі ішлі... думаю, на мадэрнізацыю вну.
Але быў адзін інцыдэнт, які меў нейкую сувязь з тэрактам. У маі ў нас з'явілася новая загадчыцца кафедры, а ў чэрвені яна праводзіла апошняе паседжанне 2010-11 гг. І ўрачыста кафедра адпраўляла на пенсію Ларысу Максімаўну Жывіцкую, якая працавала практычна з заснавання вну ў 1992 г. Калі новая загадчыцца перадала падарунак на памяць за добрую працу на кафедры, пані Жывіцкая адказала:
-- Я пакідаю кафедру, бо мяне дапёк дрэнны стасунак кіраўніцтва інстытута да супрацоўнікаў.
-- Не трэба аб гэтым, калі ласка, -- папрасіла загадчыца.
-- Трэба. Я пакідаю кафедру ў знак пратэсту.
Пасля паседжання я падыйшоў да яе і падзякаваў за смеласць. Не магу сказаць, што шчыра, але хацелася казаць ёй штосьці харошае. Пазней яе сяброўка агучыла іншым супрацоўнікам што адбылося паводле слоў Л. М. Жывіцкай.
У дзень, калі адбыўся выбух, яе група перакладчыкаў пісала тэст апошняй парай. На сваю бяду адна дзяўчына напісала раней за іншых, паехала дадому, патрапіла пад бомбу, і, як я ўжо пісаў, наглыталася дыму. А паколькі настаўнік заўсёды вінаваты, то вінаватай аказалася дацэнт Жывіцкая. Праз некаторы час ёй патэлефанавала прарэктар па ідэалогіі і выхаваўчай рабоце Ала Леанідаўна Барчук і запытала:
-- Што адчувае чалавек, які адпраўляе дзяцей на смерць?
-- Ну судзіце мяне, --адказала Жывіцкая.
Прарэктар кінула трубку. Абурыўшыся, Ларыса Максімаўна напісала заяву на звальненне.
Наколькі ўсё так і было судзіць не буду, але, здаецца, больш ніякіх ахвяр "рэпрэсій" супраць прыватных вну ў нас не было. Калі б было, я б пачуў аб гэтым: інстытут маленькі, супрацоўнікаў каля сотні.
Хто ж мог такое зрабіць?
Жаншчына, якая крычала ў аўтобусе, што тэракт зрабіў Лукашэнка, выказала даволі распаўсюджаную думку, якая стаіць на простым лагічным пастулаце: " А хто ж яшчэ, акрамя яго,ў нашай Беларусі здольны на такое?". Я сур'ёзны гісторык, а не аматар танных сенсацый, як маглі заўважыць мае пастаянныя чытачы. Паколькі няма ў шырокім доступе дакументаў і матэрыялаў па справе супраць Канавалава і Кавалёва, якіх судзілі і расстралялі па абвінавачванню ў гэтым і некаторых іншых тэрактах, я не магу аўтарытэтна заявіць, хто гэта зрабіў і даказаць якую-небудзь версію. Таму ўстымліваюся ад спекуляцый і разважанняў аб тэракце 11 красавіка 2011 г.
Трэба дадаць, што адзін замежны бізнесмен, знаёмы маёй сям'і, летам таго ж года заяўляў мне, што быў у інтэрнет-кафе "Белтэлекома" ля ст. м. Кастрычніцкая перад выбухам і бачыў у двары дд. 10 і 12 па вул. Энгельса мноства машын "хуткай дапамогі". Але я яму не веру. Па-першае, я яго ведаю, як аматара распавядаць байкі пра сваё жыццё. Яго паслухаць, дык ён увесь час сутыкаецца з крымінальнымі элементамі ў Мінску, як быццам тут Гарлем, і ўвесь час б'е ім твар ці камп'ютары, а міліцыя нічога яму зрабіць не можа. Па-другое, калі сурёзная спецслужба плануе тэрарыстычны акт, у падрыхтоўцы ўдзельнічае некалькі чалавек, ніякай дакументацыі не вядзецца, і ніякія машыны пажарнікаў ці "хуткай дапамогі" не заганяюцца загадзя ў суседнія двары, бо тады будзе надта шмат сведкаў таго, што штосьці такое планавалася (а калі ў справе замешаны дзясяткі ці сотні людзей, утрымаць яе сакрэтнай проста не магчыма).
І яшчэ расстаўлю кропкі над "і". Я палітычна нейтрален, пішу ўсё гэта проста з цікаўнасці да гісторыі і не стаўлю мэтай кагосьці асудзіць ці апраўдаць. Я з павагай стаўлюся да дзяржаўнай улады ўвогуле, як гаранта некаторай стабільнасці, але пры гэтым не падтрымліваю якую-небудзь палітычную плыню. Асцярожнасць, з якой я выкладаю ўсе гэтыя звесткі звязана не з жаданнем пазбегнуць рэпрэсій (бо ўсё, што мне пагражае за выпады супраць улады -- гэта штраф ці 15 сутак, па першаму можна атрымаць кампенсацыю ў нейкіх апаізцыйных структур, калі напісаць слезлівую заяву аб тым, як мяне за праўду пакрыўдзілі, а другім мяне не напужаеш), а з жаданнем заставацца максімальна аб'ектыўным, наколькі я гэта магу зрабіць як недасканалы чалавек.
Цяпер да пытання, хто здольны у Беларусі рабіць тэракты. Сапраўды, буйныя палітычныя арганізацыі проста не зацікаўлены ў тэрарызме, бо за выбухі 11 красавіка 2011 і 3 ліпеня 2008 г. іх бы чакаў поўны разгром пад апладысменты шырокай грамадскасці. Але да тэрактаў могуць быць здольны і невялікія групы радыкалаў, якія прытрымліваюцца пэўных палітычных перакананняў, але не прадстаўляюць якую-небудзь палітычную партыю (хоць могуць быць яе членамі). Магчымы і сцэнар крымінальнай ці нават пабытовай разборкі "пад тэракт": узарвалі канкурэнта або палюбоўніка жонкі і напісалі на суседняй сцяне што-небудзь накшалт "Бі жыдоў!" ці "Жыве Беларусь!" альбо "Свабоду папугаям!"
Разгледзім толькі адну хвалю палітычнай барацьбы радыкалаў: рускія нацыяналісты супраць "Анціфа". Аднойчы я ўбачыў у пад'ездзе аднаго з карпусоў жылога дома па Русіянава 5 мемарыяльную дошку з надпісам "Тут быў жорстка забіты такі і такі, у такі і такі дзень 2000 г. Вечная памяць герою, які паў за веру і Бацькаўшчыну" (надпіс па руску). Я запытаў чалавека, што заходзіў у блок кватэр, ля дзверы якога была прыбіта дошка:
-- А хто гэта быў такі?
-- А гэта верхавод Рускага нацыянальнага адзінства.
Пытанне ўсім: калі гэтага "верхавода" сапраўды забілі за нацыяналізм, а не за кіданне бізнес-партнёраў ці празмерны інтарэс да чужой жонкі, чым гэта не тэракт? Ці тэракт -- гэта толькі выбух бомбы? Калі слова "тэрарызм" мае корань, значэнне якога "жах", то ідэя тэррарыстычнай барацьбы менавіта ў тым каб запугаць каго-небудзь, а не проста знішчыць ворага. У такім выпадку забойства аднаго нацыяналіста было пасылам астатнім з боку апанентаў: змоўкніце, бо і вас так пераб'ем.
У 2011-12 нав. годзе ў мяне быў студэнт з фанатаў "Дынама". Я казаў яму пра гэту дошку і ён адказаў:
-- Я яго ведаў.
-- А колькі такіх забойстваў яшчэ было?
Ён падумаў і адказаў:
-- Выпадка чатыры.
Калі б хлопец адразу казаў 20, я б не паверыў, але 4 забітых нацыяналіста за некалькі гадоў -- гэта чатыры ціхіх тэракта. Зразумела, кожны асобны выпадак павінна разглядаць не толькі з палітычнай версіяй, але з магчымасцю "пабытавухі". Але гэта сітуацыя ўсё роўна сведчыць аб наяўнасці ў соцыуме людзей, здольных шарахнуць бомбай па тым, каго ненавідзяць.
Час ад часу ў СМІ з'яўляецца інфармацыя аб тым як то нейкі анархіст кінуў "молатава" ў будынак КДБ у нейкім правінцыяльным горадзе, то ў Гомелі забілі турка (праўда мне дакладна невядома ці па расавым прычынам, ці не). Гэта ўсё было і да тэракта ў метро, але разглядалася толькі як злостнае хуліганства. Але і цяпер, пасля таго як выбух забраў жыццё 15 чалавек, грамадства па-ранейшаму не заўважае радыкалізацыі моладзі, часткова таму, што тэракт у пабытовым уяўленні -- гэта заўсёды выбух. Тым не меньш, большасць беларусаў ужо не лічыць тэрарызм немагчымай пагрозай для краіны.
Зразумела, гэты экскурс ніяк не дапаможа адказаць на пытанне, ці сапраўды тэрарыст з маніякальнымі схльнасцямі ўзарваў метро. Але, як я пісаў вышэй, я не спрабую даказаць якую-небудзь версію прычыны гэтага здарэння з-за адсутнасцю адпаведных матэрыялаў у шырокім доступе і жадання займацца разумовай жуйкай.
Эпілог.

Я не раз заўважаў, што самы каштоўны матэрыял для даследчыка, апрача дакументаў, гэта ўспаміны тых, хто піша пра падзею як быццам між іншым. Я спрабаваў напісаць аб гэтай трагедыі менавіта з пазіцыі пабытовага назіральніка і пры гэтым памятаць, якія праблемы для гісторыкаў узніклі ў сувязі з палітычнымі спекуляцыямі над тэрактам і яго наступствамі. Наколькі ў мяне атрымалася, судзіць чытачам...

***

У 2021 г. ахвяры тэракта ў метро мелі права на пазачарговае абслугоўванне ў паліклініцы, хоць мінула 10 год.

1 комментарий:

  1. Яшчэ адна дэталь. Студэнт-завочнік той жа ВНУ праз некалькі месяцаў пасля тэракта сказаў: "Я служыў у арміі з Канавалавым. Ён быў нармальны адэкватны мужык. Дэмбельскі альбом мне паказваў свой". Вядома, гэта дэталь нічога не даказвае, але мае быць тут.

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...