15.08.2014

Беларуская вёска на погляд рускага гараджаніна


Паколькі я гараджанін у другім пакаленні, мне не зразумець да канца, што такое вёска. Паколькі я рускі, мне не зразумець да канца, што такое беларуская вёска. Таму я проста зраблю нататкі па назіранаму за апошнія 10 гадоў, калі мне даводзілася сутыкнуцца з вясковым жыццём сучасных беларусаў.

*Беларуская вёска не робіць уяўленне месца, дзе захаваліся нацыянальная мова і культура. Звычаі, традыцыі, абрады розных частак Беларусі могуць адзрознівацца, яны -- мясцовыя, а не нацыянальныя. Што датычыцца мовы, ў звычайнай вёсцы старое пакаленне размаўляе на сумесі рускай мовы і мясцовага дыялекту беларускай. Маладое -- пераважна на рускай з асобнымі беларускімі словамі і некаторым акцэнтам. Таму носьбітамі нацыянальнай мовы і культуры можна хутчэй назваць некаторыя пласты інтэлігенцыі. Праўда, калі гараджанін размаўляе па-беларуску з жыхарамі вёскі, звычайна ім гэта прыемна. Зразумела, і агульнацыянальнае складаецца з элементаў мясцовага, а вёска мяняецца марудней за горад, таму тое, што яшчэ захавалася ў ёй, у нейкім сэнсе з'яўляецца нацыянальнай і нават сусветнай спадчынай.
Таксама падкрэслю: турыстычныя аграсядзібы (хоць я іх бачыў толькі па "тэлеку") адлюстроўваюць не столькі рэальную беларускую вёску сколькі казачную. Розніца прыкладна такая ж, як паміж гульнёй у вайну і рэальным удзелам у баявых дзеяннях.

*Беларуская вёска бывае рознай. Вёскі вакол буйных гарадоў робяцца іх копіяй 9-павярховыя дамы, транспартная сувязь з горадам, перанос шкоднай вытворчасці з горада на прыроду (напрыклад, вёска Копішча пад Мінскам -- месца дзе ажыццявілася мара камуністаў аб'яднаць горад і вёску: горад ад вёскі аддзяляе адна вуліца а розніцы ладшафту ці забудовы аніякай). Не ў кожнай вёсцы ёсць электрычнасць, газ, вадаправод, магазін. Нават у 30 км ад Мінска.
Інтэрнет звычайна бывае даступны праз мабільную сувязь, але пры гэтым мабільнік ловіць не паўсюль. Звычайна МТС і Velcom працуюць лепш за Life, таму выбар аператара для 3G мае значэнне.

*Беларуская вёска паступова пераўтвараецца ў дачныя гарадкі. Усё больш і больш вясковых дамоў робяцца дачамі гараджан. Пры гэтым, у залежнасці ад цікаўнасцяў і магчымасцяў дачнікаў, вёска ажывае альбо на ўсё лета, альбо на выхадныя летніх месяцаў. Разам з старэннем вясковага насельніцтва гэты фактар знішчае старую вяскую культуру і тое, што яшчэ захавалася ад дарэвалюцыйнай і савецкай Беларусі, а таксама ад польскай Заходняй Беларусі (ў тым ліку прадметы матэрыяльнай культуры, кнігі і дакументы).

*Жыхары вёскі не дабрэй за гарадскіх. Думаю, што многія з вясковых проста добра ведаюць адзін аднаго і саромеюцца суседзей. А гэта стрымліваючы фактар. Прычым і для жыхароў буйных гарадоў, якія жывуць у 15-20 кватэрных пад'ездах, калі яны атрымлівалі кватэры пры СССР ад арганізацый, у якіх працавалі: пэўны завод, армія, міліцыя.

*На беларускай вёсцы часцей ходзяць у царкву, як у камбінат рэлігійных паслуг (г.зн. месца, дзе можна пахрысціць дзіця, асвяціць яйкі і г.д.), чым у горадзе. Думаю, гэта звязана з тым, што ў горадзе людзі не так добра ведаюць адзін аднаго і "сачкануць" назіранне традыцый продкаў лягчэй.
 Быў выпадак, калі ў адной праваслаўнай царкве свечы каштавалі менш, чым у той, куды звычайна хадзілі жыхары пэўнай вёскі, яны адпраўлялі за свечкамі дэлегата і потым ставілі іх у сваей царкве. Калі аб гэтым даведаўся мясцовы святар, ён заявіў, што "чужыя" свечы не будуць мець сілы ў яго царкве, але сялянам гэта было ўсё роўна. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці беларускія сяляне -- прагматыкі: яны рэдка цікавяцца глыбокімі рэлігійнымі пытаннямі і жывуць выкананнем практычных задач.
Пераважная колькасць беларускіх сялян -- праваслаўныя ці каталікі. Есць і іншыя веравызнанні. Некаторыя з рэлігійных меньшасцяў жывуць невялікімі абшчынамі альбо некалькімі дружнымі сем'ямі. Моцнай варожасці па нацыянальным і рэлігійным прызнакам сярод жыхароў адных і тых жа вёсак не назіралася, але распаўсюджана прадузятасць да пратэстантаў, іўдэяў і мусульман сярод праваслаўных і каталікоў (напрыклад, перакананне, што ўсе мусульмане тэрарысты). Але гэта, напэўна, ў роўнай ступені ўласціва і гарадам і вёскам.
Зразумела гэта не значыць, што сярод беларускіх сялян няма людзей з глыбокімі рэлігійнымі ці палітычнымі перакананнямі. Але, здаецца, такіх менш, чым у горадзе. Жыццё на сяле больш складанае і людзі менш разважаюць.

*Вёска робіць менш смецця вакол сябе, чым горад. Часткова гэта звязана з тым, што арганіка ідзе ў кампост ці ў харчаванне жывёлам, пластыкавыя бутэлькі вядзеркі і пакеты выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы, а паперу і дрэва кідаюць у агонь. Пры гэтым "натуральнай" неапрацаванай ежы ў вёсцы з'ядаецца не так шмат. Звычайна ў паўсядзённым рацыёне селяніна ці дачніка сваёй бывае садавіна-гародніна, магчыма, яйкі, малочныя прадукты. Час ад часу -- свініна і куры. Астатняе закупаюць у магазіне ці  з аўталаўкі: хлеб, чай, каву, бананы, цыгарэты... Зразумела, прамыслова апрацаванае, з рознымі "Е" і ГМА, да якіх ставяцца як да атруты. Пры гэтым лічыцца, што адправіць дзяцей у вёску -- значыць аздаравіць іх рацыён. Праўда экалагічнае асяроддзе сярэднястаыстычнай вёскі (калі там няма вытворчасці) звычайна лепш за гарадское. Але дачнікі з аўтатранспартам і гарадскім смеццем уносяць свае карэктывы.

*Дарогі ў вёсках звычайна грунтовыя, а галоўным транспартным сродкам з'яўляецца веласіпед.
*Сістэма збору ўраджая прыўсадзебных участкаў сялян існуе, але не заўсёды добра працуе. Ураджай дачных участкаў увогуле рэдка выходзіць за межы адной вялікай сям'і. Таму існуюць выпадкі, калі буйны ўраджай яблыкаў проста зарываюць у зямлю. Дарэчы ў Мінску таксама ў гарадскіх дварах растуць яблыкі, слівы і вішні, якія потым гніюць на асфальце. (Гл. Яблыкі на траве)

*Хадзіць па начах у весцы можна ў вядро. Гэты жарт выкрывае амаль поўную адсутнасць забаўляльнай індустрыі ў вёсках. Спартыўныя залы, аквапаркі, заапаркі, камп'ютарныя клубы, бары, буцікі -- ўсё гэта немагчыма перанесці ў сяло. Часткова гэта з'яўляецца прычынай адыходу моладзі ў горад.

*Сярод жыхароў вёскі больш беспрацоўных, чым сярод гараджан (на мой погляд). Часткова гэта звязана з адсутнасцю шырокага выбару магчымасцяў працаваць. Памятаю знаёмства з даяркай у Ўздзенскім раёне. Жанчына з артрытнымі рукамі мусіла чатыры разы ў дзень хадзіць даіць кароў без выхадных і водпуску за 200000 руб у месяц (тады мой заробак настаўніка быў 400 тыс руб /мес, а нармальнай лічылася зарплата 800 тыс - 1 млн р.). Праца сельскім настаўнікам адрозніваецца ад працы гарадскога тым, што летам яшчэ працуеш у полі пэўныя дні за "дзякуй" (а "гемарой" з папяровай работай, адказнасць і памер зарплаты такі ж як у горадзе).
З другога боку ніхто з голаду не памірае па прычыне магчымасці самім расціць некаторыя прадукты харчавання. Але платная медыцына і платная адукацыя для вяскоўцаў з'яўляецца раскошай, як і многія іншыя дары гарадской цывілізацыі.

*Магчымасць мець доступ у Інтэрнэт стварае магчымасць пераезду ў сяло / маленькія гарадкі спецыялістаў, якія зарабляюць грошы з яго дапамогай (праграмісты, перакладчыкі і г.д.). Мне вядомы толькі асобныя выпадкі такіх пераездаў, прычым прырода і прасторы тут значэння не мелі. Калі мабільная сувязь "ловіць" нармальна, стварыць кропку доступу праз тэлефон ці выйсці ў Сеціва праз 3G-мадэм (дзе можна ўсталяваць "анлім") -- не праблема. Але застаюцца праблемы: адсутнасць некаторых прывабнасцяў цывілізацыі (гарачай вады, каналізацыі), якая спараджае неабходнасць іх праводзіць за дадатковыя грошы; магчымасць хадзіць у вядро замест начнога клуба; магчымасць замовіць тавар праз Інтэрнет і аплаціць яго перавозку па цане самога тавара.

*П'янства не з'яўляецца масавым у беларускіх вёсках. Ёсць вёскі, дзе п'юць амаль усе, і вёскі, дзе п'юць толькі асобныя "несвядомыя грамадзяне". Як і ў горадзе. П'яныя вёскі звычайна хутчэй выміраюць, чым тыя, дзе няма такой "эпідэміі". Для параўнання: Светлагорск быў у 1990-х беларускай сталіцай наркаманаў. Цяпер большасць з тых наркаманаў працуе нябожчыкамі на могілках. Так і з алкаголікамі: не заўсёды эстафета пераходзіць на новае пакаленне .

*Беларуская вёска паступова знікае. Слова "зніклая вёска" не заўсёды значыць кінутыя хаты з паламанымі плотамі і выбітымі вокнамі (такога больш хапае ў жылых вёсках). Нярэдка зніклая вёска гэта месца, якое праглынуў горад. Але ў Беларусі хапае вёсак, якія адсялілі па прычыне таго, што там жылі толькі некалькі старых. У такіх выпадках  звычайна адсяляюць у нейкую суседнюю вёску. Пры гэтым набыць зямлю ці кінуты дом па беларускім законам даволі не проста. Фермерства на заходні манер сустракаецца рэдка. Ёсць спробы стварыць аграгарадкі. Тая даярка, аб якой я пісаў вышэй, там і працавала.
Тым не менш, нельга казаць, што неўзабаве Беларусь стане гарадской краінай: заўсёды будзе патрэба ў сельскагаспадарчай прадукцыі, і калгасы і фермы будуць неабходны для выжывання краіны. А ўрбанізацыя можа спыніцца і пайсці зваротна пры ўмове заняпаду цывілізацыі. (Так было ў Старажытным Рыме 5 ст. н.э., калі з гарадоў беглі свабодныя грамадзяне на сяло, каб пракараміцца і дабраахвотна рабіліся калонамі -- прыгоннымі сялянамі багацеяў.) Так можа быць і ў выпадку вайны ці голаду.
Таксама працэс пераўтварэння вёскі ў дачныя кааператывы ці гарадскія кварталы не значыць знішчэння нацыянальнай мовы і культуры. За апошнія сто з лішкам гад этнографамі зроблена шмат, каб захаваць многія традыцыі, звычаі і фальклор беларусаў. Таксама ёсць намаганні захаваць літаратурную беларускую мову і пашырыць дыяпазон яе выкарыстання. Нам да Ірладыі, дзе на мясцовай мове размаўляе толькі 1% насельніцтва, яшчэ далёка...

***
Гэтым летам мне даводзілася пабываць  з сынамі на прыродзе па-за межамі Мінска. Мы гулялі вакол адной вёскі і глядзелі на шырокія палі і ўзгоркі, на лес на даляглядзе. Я падумаў тады, што гэта і ёсць нешта непаўторнае ў Беларусі, чаго няма ў Казахстане ці на Каўказе. Менавіта сваімі рэкамі, азерамі, лясамі, прасторамі Беларусь робіць сябе ўнікальнай. Такой яна была ў складзе розных дзяржаў, такой яна засталася пасля аб'яўлення незалежнасці. І ўсё гэта небаскробамі і заводамі не забудуеш.

P.S. Больш дакладную інфармацыю пра жыццё беларускай вёскі можна знайсці ў творах і заўвагах пісьменніка Уладзіміра Сцяпана. Тут я прыводжу толькі свае крыху суб'ектыўныя назіранні.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...