25.08.2014

Аўтавакзал "Маскоўскі". Ламаць і будаваць

Аўтавакзал "Маскоўскі" быў аднім з наймаладзейшых і найсучаснейшых у Мінску. Быў. Ужо некалькі тыдняў як ідзе дэмантаж забудовы. Аўтобусы і маршруткі, якія хадзілі з АВ, перавялі ў іншыя месцы. Некаторыя межгарадскія рэйсы пераехалі ў аўтобусны парк на вул. Славінскага, а маршрутка на Барысаў пасецца недалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі.

Доўга хадзілі чуткі ці будуць ліквідаваць аўтавакзал ці не. Памятаю, што найбольш папулярнай была версія, што зямлю, на якой стаіць вакзал, купіў "Газпрам" ці яшчэ нейкая буйная расійская кампанія. Але пашпарт будоўлі гаворыць лаканічна: будаўніцтва транспартнай развязкі. Работы вядуцца і па другі бераг Сляпянскага вадасховішча калі глядзець з боку Нацыяналкі. Там знеслі уваход у парк з боку скрыжавання вул. Філімонава - пр. Незалежнасці і абнеслі плотам тэрыторыю ад Філімонава да амаль што тэрыторыі Нацыянальнай бібліятэкі.

Рэакцыя на знос АВ была пераважна негатыўнай. Зразумела, кожнае падобнае будаўніцтва стварае масу нязручнасцяў, а тут яшчэ і знішчэнне новага, сучаснага аўтавакзала, што спараджае пытанні: навошта будавалі, калі вырашылі неўзабаве зруйнаваць? І за чый кошт гэты "банкет"? З другога боку знайшліся і задаволеныя: для каго -- перанос шэрагу рэйсаў бліжэй да дому, для каго -- магчымасць зарабіць грошы на будаўнічым праекце.

Звычайна негатыў я заўважаў толькі ў маўклівай незадаволеннасці пасажыраў аўтобусаў, якія ехалі міма агароджанай тэрыторыі. Але аднойчы раніцай пачуў цікавую дыскусію ў 80-м аўтобусе . Пяцідзясяцігадовы мужчына, навуковец (на рускай мове) і 60-гадовая жанчына (на "трасянцы") заспрачаліся на тэму жыцця. Ён выказаў камусьці незадаволенасць зносам вакзала і яна ўзрушана далучылася да размовы:
-- А што тут казаць! Усе незадаволеныя! Трэба ісці ў вёску і працаваць. Там даяркі па 8 млн атрымоўваюць. Вось і ідзіце ў вёску працаваць сваімі рукамі.
-- А ў нас у навуковым інстытуце атрымоўваюць удвая менш. -- адказаў з усмешкай навуковец --Значыць трэба ісці ў вёску зарабляць грошы.
-- Вось і ідзіце! Трэба працаваць! Хто працуе той і зарабляе. -- І жанчына яшчэ паўхвіліны распавядала як шмат зарабляюць добрыя ўрачы, а мужык-навуковец так і не паддаваўся на правакацыю. Яна выйшла як раз на прыпынку "Вул. Філімонава", на скрыжаванні праспекта і вуліцы дзе ішло будаўніцтва другой часткі развязкі. У аўтобусе нешта пагудзелі ў падтрымку мужыка. Зразумела, жанчына альбо хлусціла, альбо казала ў тое, ў што жадала верыць. У вёсцы даяркі не зарабляюць столькі інакш ішла б актыўная канкурэнцыя за месца на ферме з хабарамі старшыням калгасаў і брыгадзірам у памерах сотнямі долараў, вёскі абрасталі б катэджнымі гарадкамі, а кожная даярка ездзіла б на працу на ўласным аўто. Магчыма, ёй здалося, што незадаволенасць зносам АВ -- гэта адно і тое ж, што і незадаволенасць уладай прэзідэнта і падтрымка апазіцыйных партый. Хто яе ведае. Але выглядала камічна.

Што да мяне, я застаўся амаль незакрануты будаўніцтвам развязкі, бо карыстаўся гэтым вакзалам у асноўным, калі раз у год ездзў з дзедам на Каладзішчанскія могілкі, дзе пахаваны мае бабуля і цёця. Магчыма ў гэтым годзе паеду туды на веласіпедзе.

Час пакажа ці будзе жыць у горадзе лепей ад новай развязкі. Але з'яўленне і знікненне АВ "Маскоўскі" -- гэта частка гісторыі горада. Яе, як слова з песні, не выкінеш...




 З боку абсерваторыі

 З боку скрыжавання пр. Незалежнасці -вул. Філімонава

 Дарожка з бятонных пліт амаль ад Нацыналкі да аўтобуснага прыпынку "Вул. Філімонава". Замест перакрытай асфальтавай дарогі.

 Пашпарт аб'екта з боку Нацыяналкі

Від на будоўлю з боку Нацыяналкі


Відэа, зробленае з боку абсерваторыі

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...