08.12.2016

Мы будуем "ізм". Яшчэ некалькі замалёвак.

Я ўжо напісаў два пасты з пэўнымі назіраннямі за сацыяльна-эканамічным ладам Беларусі. Так камусьці здаецца, што Беларусь – гэта такі востраў савецкага сацыялізму, дзе час застыў у 1980-х гг. Але гэта толькі ілюзія.
Увогуле ў свеце няма чыстых капіталістычных ці сацыялістычных дзяржаў. Ёсць камбінацыі таго і другога. Пра беларускую камбінацыю я пісаў неаднаразова, і больш такой інфармацыі можна знайсці ў спасылках у канцы гэтага паста.
У рамках праекта «Каб не забыць» я раблю асноўны акцэнт не на працу з гістарычнымі дакументамі і рознымі поглядамі на іх змест, а на ўласныя ўспаміны і назіранні. Таму я нічога не буду зараз пісаць пра знакаміты закон аб дармаедах, які спарадзіў шмат шуму, пра карупцыю, бюракратыю і праблемы прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. У гэтай працы хачу засяродзіць увагу на ціхае кананне пэўных савецкіх рысаў сацыяльна-эканамічнага жыцця і іх замяшчэнне адпаведнымі рысамі капіталізму. Як звычайна, я нічога не ўхваляю і не асуджаю. Проста шэраг назіранняў, што набраліся за няпоўны 2016 год.

Капейкі савецкіх часоў, якія захаваліся ў маім доме. Фота Д. Берастоўскага, носіць ілюстратыўны характар.

***
Аксамітны летні вечар. Чорнае неба за акном. Ідзе лёгкі дождж, але на вуліцы цёпла. На гадзінніку амаль 23.00. Я знаходжуся ў офісе невялікай кампаніі ў бізнес-цэнтры "Парус" на вул. Мележа. Гэта я здаю праект па перакладу заказчыку – дырэктару гэтай кампаніі.
Дырэктар, мужчына, якому крыху за 30, засяроджана глядзіць у манітор. У яго праблемы з камп'ютарам. Пакуль я адпраўляю яму са свайго нетбука пераклад на пошту, мы абменьваемся кароткімі думкамі.
– Многія беларусы думаюць, што дырэктар кампаніі - гэта чалавек, які ўвесь час свабодны, ходзіць у казіно, ездзіць адпачываць на Канары, – кажу я з усмешкай.
– Працуем над выкараненнем гэтага стэрэатыпу, – крыху дзелавіта адказвае дырэктар.
– А сям'я заўжды разумее працу бацькі і мужа ў такі позні час?
– Разумее. Але часам праводзім тлумачальныя гутаркі.

***
Суботні ранак у пачатку ці сярэдзіне кастрычніка. Збіраюся на работу ў вну. Раптам за акном грымнуў пахавальны марш. Калі я вучыўся ў пачатковай школе, гэта музыка часта пужала мяне. Увогуле пахавальныя працэсіі тады пужалі і адначасова зачароўвалі мяне. Я не баяўся нябожчыкаў, але менавіта раптоўная музыка і, чамусьці, самі труны пужалі і вабілі маленькага Андрэя. Канчаткова гэта пачуцце знікла з першай смерцю ў маёй сям'і ў 2001 г. Потым былі яшчэ пахаванні сваіх і чужых. Але да кастрычніка 2016 г. з 80-х гг. я доўга не чуў гукі пахавальнага маршу. Адвык. Таму здрыгануўся, як ад нечаканага стрэлу.
Дом, дзе я жыву амаль усё жыццё, пабудавалі ў 1969 г. для ваенных. Таму пачуць сумныя гукі труб у 80-х было звычайнай з'явай. За гэты прамежак часу я бачыў вайсковыя аркестры, якія чакалі таго, хто не пачуе іх намаганняў. Чуў стрэлы салюту на Каладзішчанскіх могілках. Здаецца, аднойчы чуў здалёк і забыты марш, як раз на наступны дзень пасля трагедыі на Нямізе ў 1999 г. Але пахаванні са сцягам з чорнай стужачкай, вайсковым аркестрам адыходзяць у мінулае разам з тымі, для каго робяцца такія намаганні і хто не можа іх ацаніць.
Праз кароткі час атрымаў заказ, які абяцаў мне бадзёрую ноч. Калі  мне называлі дакумент па тэлефону, здавалася працы будзе менш, чым на гадзіну, а калі яго даслалі аказалася, што гэта рукапісная выпіска з мноствам пячатак і штампаў, якая абяцала мне "вясёлую" ноч. Не стрымаўся:
– Блін! З такой работай здохнеш і нават на драўляную скрыню, у якой мяне пахаваюць, грошай не хопіць!
– Колькі каштуе такая скрыня?– пытае старэйшы сын.
– Рублёў 400. (Праца перакладчыкам – гэта дадатковая адукацыя, таму цэны на труны я прыблізна ведаў.)
– Старых ці новых?
– Новых.
– Тады ты б навучыўся іх рабіць, і мы б выйшлі з крызісу, – адказвае мудры Данік.

***
У гэтым годзе я ўпершыню за сем апошніх год ездзіў ў адпачынак на адзін тыдзень. За гэты час амаль не рабіў перакладаў. А з прыходам новага навучальнага года жыццё зрабіла мне сюрпрыз. У вну, дзе я працую няпоўны дзень, мяне скарацілі да 0,25 стаўкі. Адначасова адправіў старэйшага сына, Даніка ў першы клас, а малодшага Любчыка ў спецыяльны сад для дзяцей з праблемным зрокам. Ужо пэўны час існуе павер'е, што дзеці ў кране нараджаюцца толькі ў буйных бізнесменаў і чыноўнікаў. Таму мы адразу "ўляцелі" на некалькі соцень новых рублёў. За харчаванне, вопратку, падручнікі, туалетную паперу, сурвэткі, пітную ваду, фламастары, алоўкі, сшыткі, за прынтар у садзік і, калі не памыляюся, плазменны тэлевізар у школе. Верасень-кастрычнік выплачвалі "даніну", а на астатняе спрабавалі жыць. Нярэдка бывала заробіш 10 рублёў, ідзеш з імі ў краму за ежай ці да настаўнікаў у школу і грошы ідуць у далейшы абарот "адпачыўшы" у маім кашальку пару гадзін. Данік спрабаваў мяне падтрымаць:
– Нічога, тата, калі трэба, я магу даць табе рубель з маіх грошай.
Такія словы могуць выклікаць усмешку ў сыты час. Тады гэта рэзанула па сэрцу. Але дзеці таксама плацілі з кішэнных грошай, якія зараблялі ў мяне. Так Данік са сваіх грошай аплаціў паветраны шарык за 1 руб 50 кап, які запускаў у неба падчас урачыстай лінейкі і столькі жа аддаў за паход у экамузей па школьнай лініі. Таксама некалькі калекцыйных дыназаўраў за 6.90 дзеці купілі за свае грошы або папалам са мной. Таму яны добра адчулі наш крызіс.
На цяперашні час сітуацыя з большага нармалізавалася. Але яна не першая ў маім дарослым жыцці. І я па-свойму задаволены, што яны таксама прайшлі праз такі курс маладога бедняка.

***
У Данікавай школе ідзе збор грошай. На гэты раз збіраюць з настаўнікаў. Настаўніца і выхавальніца здалі па рублю ў фонд абароны міру. У мяне, ужо сытага пасля крызісу, узнікае жаданне пакпіць са збіральніцы даніны, хоць мяне гэта не датычыцца.
– А куды пойдуць гэтыя грошы?
– Не ведаю, – дзелавіта, але без злосці адказала яна, – я збіраю іх па загаду завуча. Шукайце ў Гугле.
– Я сам тры гады "адпахаў" настаўнікам. І гэту сітуацыю ведаю добра. Але навошта крыўдзіць нашых настаўніц? Яны і так мала зарабляюць. І як гэтыя грошы дапамогуць бараніць мір?
– Я не ведаю. Вось рэквізіты фонду, – яна паказала мне аркуш паперы са спісам настаўнікаў, у "шапцы" якога быў юрыдычны адрас і банкаўскія рэквізіты арганізацыі. – Я толькі збіраю грошы. Спытаеце ў Гугла.
І яна юркнула ад мяне ў бліжэйшы праход.

***
Таксама ўвосень сустракаю знаёмага. Ведаю яго ўжо год 30. Добры, таленавіты мужык, але залежны ад алкаголю. Ён разумее сваю праблему і змагаецца з ёй. Пры чарговай сустрэчы пытаюся як работа, як здароўе.
-- Ведаеш, закадзіраваўся. Начальнік за свой кошт гэта арганізаваў.
-- Больш не п'еш?
-- Не.
-- А як яны кадзіруюць?
-- Дык я ведаю тое ж, што й ты. Прыйшоў, сеў, яны штосьці казалі, падняўся, пайшоў.
-- Начальнік дбае пра тваё здароўе, раз за свой кошт цябе лячыў.
-- Начальнік уклаў у мяне грошы, як у рамонт інструмента. Інструмент не працуе і ты яго рамантуеш. Вось і ўсё!

***
У канцы лістапада спатрэбіўся электрык. Іду заказаць паслугу ў дыспетчарскай ЖЭС. Дзяжурная стаіць на парозе і курыць.
– Пачакаем, – усміхаюся старэйшаму сыну, які быў са мной, – пакуль спадарыня выканае свой абавязак перад тытунёвымі кампаніямі.
Гэта ўжо стары жарт. Я часта кажу знаёмым курцам, што яны – свядомыя грамадзяне, бо плацяць за тытунёвыя акцызы, потым актыўней карыстаюцца паслугамі медыкаў і купляюць фармакалагічныя тавары, а ўрэшце рана паміраюць і не прымушаюць дзяржаву доўга плаціць ім пенсію.
Жанчына нічога не адказала. Нават не ведаю ці зразумела яна, што гэта быў жарт, а не сарказм. "Жэсаўцам" часта хамяць.
Нарэшце ідзем у памяшканне. На дзверы надпіс, што размова запісваецца. У галаве думка, што тым лепш.
– Добры дзень яшчэ раз. Мне патрэбна заказаць паслугі электрыка: выключальнік на ванны пакой туалет і кухню іскрыць і дрэнна працуе.
– А Вы самі не можаце гэта зрабіць? – незадаволена пытаецца дзяжурная.
– Мне даводзілася такое рабіць, але цяпер там складаная сістэма і я думаю, што лепш даверыць гэта прафесіяналу.
– Вас што у школе не вучылі гэтаму?
– На ўроках фізікі мы збіралі простую электрычную схему, а ў мяне дома складаная.
– А на ўроках працы хіба не вучылі?
– На ўроках працы вучылі працаваць з дрэвам і металам, пілавалі, стругалі, а з выключальнікамі не вазіліся.
– У нас з электрыкамі праблема. Электрык можа і не згадзіцца выканаць гэта як заказ. Хіба толькі вы з ім дамовіцеся. Наогул мужчына сам павінен умець такое рабіць. У нас зараз так цяжка з аплатай і не хапае спецыялістаў.
– Нарэшце, я маю права на такія паслугі як падаткаплацельшчык, – пачынаю пераходзіць у контратаку я. – Я плачу падаткі і за гэта маю права на такія паслугі.
– Вы плаціце толькі 30% камунальных паслуг. Мы даўно прапануем жыхарам вашага дома стварыць таварыства ўласнікаў, плаціць 100%, як гэта робяць у Расіі,  і самім вырашаць якія паслугі вам патрэбны і як нам працаваць. Дык не жадаюць.
– Я б плаціў 100%, калі б было трэба.
– Дык гэта Вы... А пакуль плаціце 30% і маеце такія паслугі.
– Але ж усё роўна рэшту паслуг аплачваюць не з кішэні прэзідэнта...
Тут дзяжурная спыніла мой эканамічны лікбез, магчыма напужалася, што размова пераходзіць у палітыку. І пачала браць мае каардынаты. Яшчэ адзін чалавек са слядамі злоўжывання алкаголем на твары (ці падабенствам на тое), нецікавай работай і верай у тое, што дзяржава – гэта такі дзядзька, які плаціць за ўсе.
Дарэчы, у цяперашніх беларускіх рэаліях за "кішэню прэзідэнта" у такім варыянце ніякай прававой адказнасці не прадугледжана. Тым больш, што я толькі тлумачыў, што бюджэт складаецца з падаткаў, а не з асабістых запасаў прэзідэнта. І пагроза асуджэння за "палітыку" была толькі ў галаве той жанчыны.
Цікава, што рамонт выключальніка заняў толькі пару хвілін увагі электрыка і я сапраўды мог бы яго не турбаваць, але тады гэта было невядома.

***
Паборы ў школе і садзе даюць сваю ціхую перавагу. Есць думка, што кліент заўжды правы. Мабыць, многія бацькі, як кліенты адукацыйных паслуг, гэтага проста не ведаюць. Калі мы далі зразумець свае нетрадыцыйныя погляды на пэўныя патрыятычныя цырымоніі і многія папулярныя святы, то менавіта гэта ідэя права кліента, як плацельшчыка, неяк заўважалася ў рэакцыі настаўнікаў, хоць і ні была агучана.
Мне вядомы выпадак, калі ў суседняй школе класная сына адной знаёмай спрабавала прымусіць увесь клас далучыцца да піянерскай арганізацыі, дзіцячага патрыятычнага руху. Сын і маці цвёрда адмовіліся нягледзячы на прэсінг класнай. Настаўніца перастала цкаваць хлопца за гэта, але яшчэ доўга кпіла з яго (паводле слоў яго маці). А маці аднаго з яго аднакласнікаў, даведаўшыся, што ён-такі не далучыўся да піянераў, здзівілася:
– А што, значыць можна было і не далучацца?
Тут я павольна пераходжу да іншай тэмы: паступовага канання рэлігійных традыцый і палітычных ідэалогій на Беларусі, якія зараз маюць вельмі здаровы выгляд. Паколькі тут я рабіў асноўны акцэнт на эканоміку, то пра другое распавяду асобным пастом.

Таксама:

1 комментарий:

  1. Прышла "жыроўка". За паслугі электрыка павінен 6.54 (каля 4 дол. ЗША)
    Дарэчы плачу я не 30% за камуналку, а 60. Дзяжурная з дыспетчарскай памылілася.

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...