суббота, 21 января 2017 г.

Падатак на "дармаедаў"


Да гэтага часу я быццам ігнараваў існаванне г. зв. «падатка на дармаедаў», беларускага закона, які патрабуе, каб асобы, якія з 2015 г. не працуюць больш за 180 дзён у год, плацілі пэўную суму ў дзяржбюджэт ці выконвалі прымусовую грамадскую працу. Вядома, ёсць выключэнні. У тым ліку і тыя, хто зарэгістраваўся як беспрацоўны і (альбо) даказаў мясцовым чыноўнікам цяжкае матэрыяльнае становішча ці іншую грунтоўную падставу немагчымасці працаваць. І ў мяне нарэшце з'явіўся матэрыял, які я магу выкарыстаць у рамках праекта «Каб не забыць».

***
Калі я ўпершыню пачуў пра падатак на дармаедаў, у мяне ўжо быў вопыт працы без працоўнай кніжкі. Я даваў прыватныя ўрокі англійскай і рабіў пераклады. З ліпеня 2013 г. я толькі часам выконваў заказы, з якіх ішлі адлічэнні ў пенсіённы фонд. Потым у студзені 2014 г. уладкаваўся працаваць па кантракту на курсы англійскай. Але мая працоўная кніжка«адпачывала» яшчэ да верасня таго ж года. Пры гэтым я кожны месяц плаціў падаткі з восені 2011 года.
Добра ведаючы, што заўжды магу апынуцца ў сітуацыі, калі прыйдзецца зноў зарабляць толькі перакладамі і рэпетытарствам, запытаўся пра новы падатак у свайго падаткавага інспектара.
– Ды дурасць гэта! – з абурэннем адказаў ён. – Хіба тыя, хто не хоча працаваць, будуць яго плаціць?!
Больш дэталяў я ад яго не даведаўся. Але пазней праштудзіраваў пэўныя крыніцы і зразумеў, што мяне гэта закрануць не павінна: я плачу падаткаў значна больш, чым збор з дармаедаў – 360 ці 420 новых руб (для тых хто не жыве ў Беларусі: дзелім на 2 і атрымоўваем суму ў доларах ЗША).
Перад тым як перайсці да знойдзенага матэрыялу, прыйдзецца зрабіць невялікі экскурс у сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Беларусі.



Грошай няма, але вы трымайцеся.

Падатак на дармаедаў - з'ява, за якой стаіць сур'ёзная праблема. Амаль кожная спроба пабудаваць сацыялізм – гэта дарагое задавальненне. Беларусі цяжка сабе такое дазволіць: няма вялікай колькасці свабодных грошай, якія б дазвалялі мець сацыялістычную эканоміку ў цяперашніх рэаліях.
Праблема ўскладняецца наяўнасцю вялікай колькасці дзяржслужачых, якія не ствараюць які- небудзь карысны прадукт, спажываюць грошы падаткаплацельшчыкаў і часам робяць істотныя бюракратычныя цяжкасці тым, хто як раз стварае такія прадукты ці прадае іх у Беларусі. Яшчэ адна праблема - наяўнасць некаторай колькасці нерэнтабельных прадпрыемстваў часоў СССР, што спажываюць больш грошай, чым прыносяць краіне. Акрамя таго, у Беларусі жыве вялікая колькасць пенсіянераў. Часткова гэта звязана з тым, што нараджаецца людзей менш, чым памірае, а часткова з яшчэ адным элементам савецкай спадчыны: раней Беларусь была заходняй мяжой Савецкага саюза і тут асела шмат ваенных пенсіянераў, якія могуць атрымоўваць пенсію з 40-45 год.
І нарэшце яшчэ адна праблема. Беларусы ў большасці сваёй кансерватары. Таму спробы дзяржаўнай улады будаваць эканоміку "са смакам сацыялізму" маюць істотную падтрымку. Адкрытую ўхвалу такой эканомікі можна пачуць рэдка, але часта людзі лічаць яе меншым злом у параўнанні з магчымасцю моцнага сацыяльным расслаеннем ці грамадзянскай вайной. А яшчэ кансерватызм пабуджае трымацца старога, наладжанага наколькі магчыма. Нярэдка і звычайны рабочы, і звычайны чыноўнік добра ведае свой фронт работы, але мае даволі сціплыя, часам наіўныя веды ў плане эканомікі ці сацыялогіі.
Такім чынам, як бы тое ні было, грошай не хапае. Адзін са спосабаў выйсця са становішча такі: спрабаваць малымі грошамі падтрымліваць высокі ўзровень якасці. Так у «Мінсктрансе» эканомяць на дарагіх запчастках і спрабуюць выкруціцца таннымі. Аўтобусы ламаюцца ад гэтага хутчэй, і слесарам галаўны боль: як зрабіць каб нізкаякасныя дэталі працавалі не горш за высокаякасныя. У фармакалогіі есць спробы прапхнуць на айчынны рынак лекі з такімі ж таннымі кампанентамі і адпаведна нізкай якасці праз дзяржаўны пратэкцыянізм. У вну настаўнікі пішуць падручнікі і дапаможнікі, якія мусяць рабіць канкурэнцыю замежным, пры тым, што ў апошнія укладзены значна большыя грошы і куды больш інтэлектуальнай працы.
Яшчэ адзін спосаб - ціхі адыход ад сацыялістычных атрыбутаў эканомікі ў адукацыі і сацыяльным абслугоўванні, аб чым я пісаў раней.
І нарэшце есць спробы прымусіць плаціць тых, хто звычайна застаецца без шырокай падтрымкі. Гэта могуць быць прадпрымальнікі розных маштабаў. Алкаголікі і наркаманы, якіх накіроўваюць на прымусовую працу. І нарэшце, тыя, хто па розным прычынам не працуе. Кожная з гэтых катэгорый паасобку можа не выглядаць як ахвяра несправядлівасці. Кансерватызм і многіх чыноўнікаў, і шматлікай часткі простых грамадзян у нейкай ступені адбіваецца на тым, што прадпрымальнікаў могуць разглядаць як тых, хто мала працуе і шмат зарабляе, хоць часта гэта зусім не так.
Таксама большасць беларусаў – працаголікі. Таму сітуацыя, калі хтосьці не працуе ці мала працуе, каб больш праводзіць часу з дзецьмі ці жыць сваімі інтарэсамі, звычайна ні паразумення, ні ўхвалы сярод сваякоў і суседзяў не знаходзіць.
Цяпер, як я закрануў нерв і карані нездаровага зуба, уторкну абязбольваючае. Гэты закон, як і іншыя непапулярныя меры эпохі 1990-2010-х, гэта не дурасць ці злосць чыноўнікаў. Яны добра ведаюць, што большасць тых, хто мае заплаціць гэты падатак плацяць за тавары і паслугі ў магазіне, што ў цэны за такія тавары і паслугі закладаюцца і падаткі і што ніякімі «дармаедамі» яны ў строгім сэнсе слова не з'яўляюцца. Таму хутчэй гэта іх «крык душы», адзін з элементаў паспрабаваць перавезці ваўка, казу і капусту ў адным чоўне. Усе, пра што я казаў вышэй і ў іншых эканамічных распрацоўках, – гэта праблемы, якія не маюць простага вырашэння. Забіць ваўка ці казу ў нашым прыкладзе, выкінуць на вуліцу ўсіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў нерэнтабельных заводаў, праблематычна. Вось і шукаюць варыянты. У тым ліку і такія незвычайныя.

Ліст "шчасця" з падаткавай.

«Дармаеды» і падатак.

Цяпер пра тых каго закрануў гэты новы падатак з маіх асабістых знаёмых. Адзін з іх – гэта чалавек, які мае спецыфічную хваробу і абмежаваныя навыкі работы. Жыве на працэнты ад грошай, якія атрымаў ад продажу нерухомасці і паклаў у банк. Жыве даволі сціпла. Праблему з новым падаткам вырашыў так. Не чакаючы ліста з падаткавай заплаціў падатак са зніжкай датэрмінова. Прычым загадзя, падрыхтаваўшыся.
Другі пакутуе ад дэпрэсіі. Нейкія ўнутраныя прычыны замінаюць яму працаваць рэгулярна. Атрымаўшы ліст на 360 новых рублёў, аплаціў яго з сваіх грашовых запасаў на чорны дзень без якой-небудзь спробы што-небудзь даказаць. Нервы даражэй.
Трэці ў апошнія гады працаваў на адну кампанію нелегальна, атрымоўваў зарплату ў канвертах. Калі мы з ім вышлі ў размове на патэнцыяльныя праблемы з падаткавай, ён мацюгнуўся і сказаў:
– Я нічога плаціць не буду. А калі прыйдуць прыставы, знясу «плазму» ў падвал і нічога каштоўнага яны не знойдуць.
Чым скончылася яго гісторыя, не ведаю.
Ведаю яшчэ сям'ю, дзе жанчына вымушана працаваць некалькі месяцаў штогод, каб не плаціць новы падатак. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя. Бо атрымаць інваліднасць часам даволі праблематычна.
Ведаю яшчэ сям'ю, дзе маці малалетняга дзіця ўладкавалася на новую работу, каб не плаціць «дармаеда». На мой погляд, калі яе сын праз дзесяць год стане хуліганам і кіне цагліну у акно кватэры якога-небудзь чыноўніка проста так, дзеля забавы, то той гэтым атрымае вынікі адмовы бацькам у магчымасці праводзіць дастаткова часу з дзецьмі.
Ведаў у свой час гэтакіх вольных мастакоў, якія працавалі даволі спецыфічна, нерэгулярна і грошай ім не хапала. Даўно іх не бачыў і нічога пра іх не чуў. Не думаю, што іх трэба прымушаць ісці на завод.
Некалькі недзяржаўных СМІ паведамілі мінімум пра два выпадкі самагубства тых, хто мусіў заплаціць новы падатак. Паколькі падрабязнасці не ведаю – без каментарыяў...
Тым не менш, толькі час пакажа куды прывядзе гэты новы закон і як ён будзе працаваць.

Малюнкі ўзяты з крыніц Інтэрнэта і маюць ілюстратыўны характар

вторник, 17 января 2017 г.

За кадрам

Мой блог прысвечаны пытанням навукі, а не маім асабістым прыгодам. Часам згадваю пра тое, што адбывалася асабіста са мной, у кантэксце развіцця тэмы, але часам абыходжу лішнія падрабязнасці. Нядаўна падумаў, што можа камусьці з маіх чытачоў будзе цікава ў якіх умовах нараджаліся некаторыя паведамленні.

Пост пра грамадства і рэлігію старажытных людзей нараджаўся суботнім ранкам пасля ўрагану Хав'ер, які закідаў Мінск снегам у сакавіку 2013 г. Мае студэнты-міжнароднікі не прыйшлі на пары ў БДУ. Гэта была адна група, з якой мы павінны былі займацца прыкладна з 8.00 да 12.00. Я добрасумленна сядзеў у кабінеце і пісаў. Часу не хапіла, працаваў да моманту калі прыйшла "наступная" выкладчыца. Пацікавілася, што я там пішу, і пагадзілася, што можа так яно і ёсць. Пасля я сядзеў у калідоры ўніверсітэта і дабіваў пост, але там ужо заставалася нешмат дапрацаваць, таму сядзеў нядоўга.

Калі я быў са старэйшым сынам у 2-й дзіцячай бальніцы Мінска (яму рабілі планавую аперацыю), то ў перапынках паміж завіханнямі дарабіў пост пра Мураўёва і пераклаў артыкул Р. Рафаэла пра Бостанскае чаяпіцце.

2-я бальніца. Здымак з сайта арганізацыі

Відэа пра падмуркі на вул. Сядова здымаў падчас абедзенага перапынку на адным рэлігійным мерапрыемстве, якое праходзіла побач у ДК МАЗ. Спяшаўся я не таму, што не хапала часу, а таму, што доўга не хапала грошай на нармальную карту памяці і мусіў паспець за 5 хвілін.

Калі я збіраў матэрыял пра білборды і цэклікі на беларускай мове, у вагоне метро да мяне зачапіўся п'яны мужчына, год пад 60. Патрабаваў дакументы. Калі я запытаўся, на якой падставе ён мае права іх у мяне патрабаваць, паспрабаваў узяць мяне за каўнер. Я перахапіў яго руку і адвёў так, што паказаў, што магу і скруціць яе за спіну. Адпусціў руку, адышоў. Мужык толькі лаяўся на мяне, але больш не кранаў. Мая сям'я была побач. Старэйшы сын нават з сур'ёзным відам пайшоў на хулігана, але я яго стрымаў. Жонка ўпрасіла мяне выйсці раней і я не стрымаўшыся сказаў п'янаму, што яму пашанцавала, што я хрысціянін. Пазней мы даведаліся, што яго затрымалі.



На могілках Цна сітуацыя была супрацьлеглай. Мясцовы жыхар Віктар, прыкладна таго ж узросту, паказаў дарогу на могілкі. Калі я вяртаўся, зноў сустрэў яго. Віктар запытаў, хто там у мяне пахаваны. Я патлумачыў, што я там рабіў, і мы яшчэ хвілін 20 стаялі пад дажджом і размаўлялі "за жыццё". Пры гэтым Віктар быў рад дапамагчы, раіў даследаваць могілкі за МКАД і быў задаволены, што пра іх могілкі напішуць.

Панарамнае відэа з Нацыянальнай бібліятэкі таксама не абыйшлося без прыгодаў. Першая спроба не атрымалася: я забыўся распавесці некаторыя істотныя дэталі, а падчас пераходаў па пляцоўцы выпадкова здымаў дзявочыя ногі ў мініспадніцах. Вынікі праверыў толькі дома. Таму дубль 2 рыхтаваў больш старанна. Увогуле людзі, якія былі са мной і маімі сынамі на агляднай пляцоўцы, не асабліва здзівіліся ўбачыць гісторыка з камерай у такім месцы і мяне здавалася ніхто асабліва не слухаў. Але высветлілася, што адна не зусім маладая жанчына цярпліва чакала моманту падыйсці да мяне. Не, не цікавіў я яе ні як мужчына (і дзякуй Богу!), ні як гісторык. Ёй трэба было дапамагчы разабрацца з фотаапаратам у тэлефоне...



Падчас 2-й паездкі ў Печы мы з маім старэйшым сынам Данікам пайшлі на "інжынерку". Я планаваў дэталёва разгледзіць месца дзе раней стаялі некаторыя вучэбныя ўмацаванні для салдат, а цяпер быў толькі падлесак. Мы амаль мінулі стадыён і раптам у падлеску пачалася страляніна. Салдаты тэрмінвай службы практыкаваліся дзесьці ўглыбі, там, дзе дрэвы былі высокія і іх было небачна. Здаецца, стралялі яны і раней, калі мы былі дома ў маіх бацькоў. Я разумеў, што яны ніяк не павінны нас зачапіць бо паміж намі і імі была пэўная адлегласць і яны павінны былі назіраць сваю тэхніку бяспекі. У свой час сам страляў з "калашнікава" ў аналагічных умовах на ваеннай падрыхтоўцы ў школе, але гэта была ў іншым канцы пасёлка... Тым не менш, загадаў сыну стаяць на стадыёне, я сам наблізіўся на ўскрай падлеску і думаю: "Калі раптам хто стрэліць у мой бок і мяне зачэпіць, сын хоць ведае куды вяртацца, а калі не згублю прытомнасць, то магу і сам выклікаць "хуткую дапамогу" па мабільніку". Зараз не ведаю, ці стаў бы рызыкаваць зноў, але тады жаданне гістарычных даследаванняў змагалася з разважлівасцю ў маёй галаве. Убачыўшы, што ніякіх слядоў ад былых умацаванняў не захавалася, я не стаў лезці ў падлесак і адышоўшы назад у бок стадыёна, крыкнуў сыну куды яму рухацца. Калі мы адышлі на зусім, на мой погляд, бяспечную адлегласць, то пайшлі далей разам.



Калі згадаю яшчэ некія цікавыя казусы ці яны адбудуцца са мной у будучым, пост буду развіваць.

понедельник, 2 января 2017 г.

А. П. Чехов про Новый год

"Москвичи рады случаю выпить, а потому новый год был встречен с объятиями распростертыми. Выпили ланинской жижицы, побалбесили в маскараде Большого театра, опохмелились и теперь вкушают новое счастье. Судя по количеству разбитых бутылей, испорченных животов и подсиненных физиономий, это новое счастье должно быть грандиозно, как железнодорожные беспорядки"
(1885 г)
Чехов А.П. Осколки московской жизни//Собр соч в 12 томах., т.4, с.397

См. также:
МММ времен Чехова
Малоизвестные факты из русского Православия (по Чехову)